Беларусы скупілі кватэры за мільён долараў у элітным доме ў Мінску

Кватэры коштам у мільён долараў у элітным доме "Каля Траецкага" прадмесця ў Мінску раскупленыя. Забудоўшчык, кампанія "Трайпл", абяцае здаць элітнае жыллё толькі ў 2012 годзе, але на сённяшні дзень з 215 кватэр пакупніка чакаюць толькі 43! Прычым разабраныя менавіта самыя дарагія двухузроўневыя кватэры на верхніх паверхах, з вялікімі зялёнымі тэрасамі. Раней на сайце забудоўшчыка пяціпакаёўка з агульнай плошчай каля 500 квадратных метраў каштавала 1 мільён 10 тысяч долараў.

А былі яшчэ кватэры з 6 ды 8 пакоямі! Цяпер іх няма. Засталіся ў асноўным кватэры на першых паверхах, коштам ад 300 тысяч долараў. Самыя ж дарагія на сёння — “ўсяго толькі” па 750 тысяч.

"На сённяшні дзень — прыкладна 750 тысяч долараў. Адразу трэба заплаціць 30%, а астатняе да канца бягучага года," — распавялі Еўрарадыё ў фірме “Трайпл”.

Між тым прадстаўнік кампаніі адмовіўся казаць, колькі кватэр коштам у мільён было прададзена. Але адзначыў, што асноўная колькасць пакупнікоў — беларусы, хоць ёсць і замежнікі. Больш за тое, на думку прадстаўніка "Трайпла", тыя, хто ўжо набыў кватэру, крэдытаў не бралі: маўляў, гэта іх уласныя накапленні.

У іншым элітным жыллёвым комплексе — "Маяк Мінска", які яшчэ не хутка будзе дабудаваны, — засталося толькі 10% вольных кватэр. Тут таксама асноўнымі гаспадарамі сталі жыхары Беларусі, але набывалі яны кватэры не толькі за назбіраныя грошы.

"Маяк Мінска": "Па-рознаму: і іх накапленні, і крэдытныя грошы. Статыстыку мы не праводзілі, таму сказаць дакладна не можам. У нас чалавек выбірае сам сабе варыянт, як яму лепш аплачваць. Але мінімальная цана — калі чалавек адразу аддае амаль 91% ад кошту".

Варта адзначыць, што кватэры ў комплексе "Маяк Мінска" таннейшыя, чым у доме "Ля Траецкага". Усё ж далёкасць ад цэнтра ўплывае.

"Маяк Мінска": "1400 долараў дзесьці, 1350 за метр. Сярэдні кошт кватэры... не магу сказаць, бо яны вельмі розныя. Зноў жа часам набывалі па дзве, па тры кватэры, каб іх пасля аб'яднаць — і гэта быў самы дарагі варыянт".

У адным з найбуйнейшых мінскіх агенцтваў нерухомасці "Твая сталіца" Еўрарадыё паведамілі, што нават здзелкі на 600 тысяч долараў досыць рэдкія, нягледзячы на высокую актыўнасць пакупнікоў у мінулым годзе. А амаль цалкам раскупленыя кватэры ў элітных новабудоўлях, на думку прадстаўніка агенцтва, паказалі, колькі ў нашай краіне багатых людзей.

"Твая сталіца": "Гэты дом, напэўна, і агаліў тую нешматлікую частку багатых людзей, якія жадаюць мець нерухомасць у Беларусі. Увогуле, заўсёды змены на рынку нерухомасці ў Беларусі звязаныя з магчымасцю людзей крэдытавацца. Як толькі стаўка рэфінансавання пачала падаць, а за мінулы год яна ўпала тры разы, адразу ажывіўся попыт. І гэты перыяд быў дастаткова актыўным. Заўтра ці сёння ў нас змяняецца стаўка рэфінансавання, і што будзе далей — невядома".

Для параўнання: за мільён долараў сёння прапануюць двухузроўневыя апартаменты з мэбляй у цэнтры Нью-Ёрка, прычым вокны кватэры выходзяць на Цэнтральны парк, а яе плошча складае больш за 600 квадратных метраў.

Фота з сайтаў забудоўшчыкаў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі