Беларускі рэжысёр Крыс Нонг зняў шпіёнскі баявік з ухілам у арт-хаўс

У Мінску завяршыліся здымкі фільма “Снимать на поражение”. Шпіёнскі баявік, якому інтэрн’т-супольнасць прадракае вялікую будучыню, знаходзіцца на стадыі звядзення і агучвання. Рэжысёр стужкі Крыс Нонг акцэнтуе ўвагу на тым, што кіно — праект абсалютна некамерцыйны і зняты “выключна за ідэю”. 

“З таго, што я бачыў, і з таго, чаго хацеў бы, атрымаўся занадта жанравы фільм для арт-хаўса, і занадта незвычайны фільм для жанравага кіно. Скажам так, у маім фільме адбылося змяшэнне шпіёнскай гісторыі і чорнай камедыі. Сюжэт круціцца вакол трох персанажаў і шпіёнскага баявіка, у які яны трапілі. Але тут няма штампаў пра суперагентаў, калі ўсе дрэнныя, а адзін — добры і павінен усіх замачыць. Тут, хутчэй, гісторыя трох хлопцаў, якія ўвязаліся ва ўсё гэта”. 

Фільм цалкам здымаўся на ўласныя сродкі рэжысёра ды з дапамогай сяброў, якія падтрымлівалі Крыса, верылі ў яго ідэю і дапамагалі з памяшканнямі ды тэхнікай. Па еўрапейскіх і амерыканскіх мерках фільм будзе поўнаметражным — 47 хвілін. А вось каб называцца поўным метрам у Расіі,  рэжысёру не хапіла 5 хвілін. Крыс Нонг плануе скончыць фільм да канца верасня і зрабіць два паказы: адзін для сяброў-удзельнікаў стужкі, другі — для прэсы. Непасрэдна прэм’ера карціны адбудзецца 20-га кастрычніка, калі фільм з’явіцца ў вольным доступе для анлайн-прагляду ў інтэрнэце.

Кірыл Нонг нарадзіўся ў Мінску. У свае 23 гады ён паспеў скончыць Нью-Ёркскую кінаакадэмію. Як рэжысёр і аператар-пастаноўшчык паўдзельнічаў у здымках фільмаў, рэкламных ролікаў, музычных відэа. Цяпер Кірыл (Крыс) Нонг завяршае працу над тым самым некамерцыйным шпіёнскім баявіком “Снимать на поражение”, здымкі якога праходзілі ў Мінску.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі