Беларуская мова вернецца на праязныя ў лютым 2013-га
Перавод у Мінску са студзеня праязных білетаў на рускую мову выклікаў масавае абурэнне ў інтэрнэце. "Мінсктранс" адступіў.
У выніку, "Мінсктранс" паспяшыў заявіць у каментары парталу tut.by: "Пры размяшчэнні замовы на выраб шматразовых праязных білетаў на студзень месяц выканаўцам была зробленая памылка, у выніку чаго білеты былі аддрукаваныя на рускай мове". Дырэктарку філіяла "Агенцтва "Мінсктранс" прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці "за нізкі кантроль і зніжаную патрабавальнасць да падначаленых".
"Мінсктранс" абяцае, што з лютага 2013 года праязныя білеты будуць зноў друкавацца на беларускай мове.
Нагадаем, у пятніцу работнікі "Мінсктрансу" казалі Еўрарадыё не пра "памылку", а пра нейкае колішняе рашэнне Мінгарвыканкаму і пра тое, што мінчукі скардзіліся, быццам не разумеюць назвы месяцаў па-беларуску. Старшыня ТБМ Алег Трусаў тады заклікаў заваліць "Мінсктранс" зваротамі. Магчыма, якраз шматлікія звароты і паўплывалі на кіраўніцтва прадпрыемства.