Наведвальнікі "Мы любим Beatles" сыходзілі з фоткамі ў кампаніі "Бітлоў"

"Бітлз значыць усё і для ўсіх! Гэтая музыка сапраўдымагічная, бо хто б не выконваў гэтыя песні, яны гучаць неверагодна! Гэта крута!" - каментуе сваю прысутнасць на фестывалі "Мы любим Beatles" спявачка Вераніка Круглова.


Людзей, якія цалкам згодныя з франтвуман гурта Kriwi, у гэты дзень у клубе "Мулен Руж" было каля 700 чалавек. Такой наведвальнасці не чакаў ніхто, бо мінула толькі крыху больш за дваццаць дзён з папярэдняга "Бітлз-фестывалю", які таксама атрымаўся масавым. Тым больш, выступалі ўсё тыя ж The Applеs ды Artefact - самыя вядомыя кавершчыкі "ліверпульскай чацвёркі" ў Мінску.

Але пачыналася праграма нечаканай джазавай перапрацоўкай песень "бітлоў" у выкананні "Apple Tea", прычым без вакалу. Легендарных беларускіх джазавікоў усе слухалі ў захапленні, праўда, амаль без рухаў ды танцаў, нібы зачараваныя. Але ўсё цалкам змянілася са з'яўленнем на сцэне гурта The Applеs.


"Вы самі бачыце, якая колькасць моладзі, што стаіць і, нават, падпявае, - радуецца такой колькасці моладзі на канцэрце заснавальнік сталічнага "The Beatles Cafe" і першых Beatles-фестываляў Віктар Маразевіч. - Гэта кажа пра тое, што музыка, якая была ў 60-х гадах, папросту вечная. Яна дала аснову для шматлікіх іншых рок-музыкаў, якія зараз граюць музыку, моладзевую музыку, і з захапленнем гавораць пра The Beatles".


Паміж гуртамі вядучы разыгрываў торбы з вышытымі тварамі “бітлоў”, ну і прадукцыяй Еўрарадыё ў іх. Дарэчы, гэтыя торбы можна было і набыць, і гэта была не адзіная не музычная забава на фестывалі. У "Мулен руж" на адзін вечар зладзілі экспазіцыю габеленаў "Beatles forever", якія мастачка робіць натхняючыся менавіта хітамі "ліверпульскай чацвёркі".


"Робіцца гэта, каб падтрымаць у нашай краіне якасную музыку, а The Beatles у гэтым вельмі дапамагае, - тлумачыць сваё бачанне неабходнасці такіх фестываляў арганізатар Нік Маторын. - На мой погляд, у нашай краіне не так усё добра з якаснай музыкай, як гэта магло б быць напрыканцы 2011 года".


Скончыўся чарговы канцэрт-трыб'ют The Beatles каля 23-й гадзіны, некалькімі бісамі ў выкананні Artefact. Але яшчэ доўга наведвальнікі не адыходзілі ад сцэны. З правага боку ад яе была расцягнутая надрукаваная ў чалавечы рост фотакартка з выявай "ліверпульскай чацвёркі" з прыхільнікамі. Але твары сучаснікаў The Beatles былі выразаныя і ўсе жадаючыя маглі сфоткацца ў "абдымку" з "бітламі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі