"Бархім": На экспарт мы цяпер не працуем, нам забаранілі такое рабіць

 З 11 чэрвеня з Беларусі забаранілі вывозіць макароны, крупы, цэмент, сінтэтычныя мыйныя сродкі, увялі абмежаванні на вываз цыгарэт, цукру, бензіну ды інш. Еўрарадыё даведалася, як паставіліся да такой забароны вытворцы прадукцыі. “Барымак” (макароны) упершыню пачуў пра яе ад нас, на “Бархім” (пральныя парашкі) прыйшла паперка, у якой ім забаранілі прадаваць за мяжу. І толькі на цукровым заводзе кажуць, што вельмі задаволеныя.

Жабінкаўскі цукровы завод: "Мы гэтую пастанову не лабіравалі. Але, канешне, мы ў гэтым зацікаўленыя, бо на ўнутраны рынак мы прадаем цукар сабе ў страту. А ён вывозіцца і прадаецца там за долары… То бок на гэтым мы нясем прамыя страты. Задача ў нас у першую чаргу забяспечыць унутраны рынак. А з-за таго, што цукар вывозіцца нелегальна за мяжу, нам даводзіцца прадаваць усё больш і больш на ўнутраны рынак. Гэтыя аб'ёмы ўвесь час павялічваюцца, і мы нясем усё большыя і большыя страты".


Цяпер вывозіць цукар за мяжу маюць права толькі 4 беларускія заводы. А вось вытворцу сродкаў для мыцця "Бархім" самому забаранілі экспартаваць сваю прадукцыю.

"Бархім": “Вы ведаеце, мы цяпер на экспарт нічога не адпраўляем. Мы адпраўляем толькі на ўнутраны рынак. Нам нават самім забаранілі такое рабіць! Прыйшла паперка зверху, каб на экспарт не адгружалі.Ну, вось гэта сітуацыя, таму што цяпер вы самі ведаеце што… І з вывазам, і з усім. Пакуль мы задавольваем унутраны рынак. Цяпер жа там ёсць пэўная забарона на вываз, у тым ліку на сінтэтычныя мыйныя сродкі. Ёсць такая пастанова”.


Паводле супрацоўніцы прадпрыемства, ёсць шмат жадаючых купіць беларускую бытавую хімію. Раней яе адпраўлялі і ў Прыбалтыку, Малдавію, Казахстан, Украіну…

“Вельмі шмат жадаючых. І Малдавія заяўкі шле, і іншыя… Але пакуль прыпынілі. І нічога не адпраўляем”.


Пра забарону вывозіць макароны на макаронным заводзе ўвогуле не чулі! І кажуць, што іх гэта ніяк не тычыцца.

Еўрарадыё: Як вы ацэньваеце нядаўна ўведзеныя мытныя абмежаванні?

"Барымак", начальнік камерцыйнага аддзелу: Якія мытныя абмежаванні вы маеце на ўвазе?

Еўрарадыё: Я маю на ўвазе, што макароны забаранілі вывозіць за мяжу…

"Барымак": Не ведаю, упершыню ад вас гэта чую.


Згодна са словамі супрацоўніцы "Барымак", завод экспартуе макароны толькі ў Расію, таму на іх гэтая пастанова ніяк не адаб’ецца.

“Расійская Федэрацыя да замежжа не адносіцца, правільна? Мы гэтага не адчулі, нічога вам не магу сказаць. Мы не працуем з замежжам, таму сваё стаўленне да абмежаванняў я выказаць не магу. Паколькі нас яны напрамую не закранулі.

Я не магу несці адказнасць за тых людзей, якія купляюць нашую прадукцыю ў крамах. Таму дадзеную пастанову ніяк не магу пракаментаваць”.


У афіцыйным прадстаўніку "Барымака" ў Брэсце — "Бакалея" — кажуць, што за мяжу вывозяць невялікую колькасць макаронаў. За тую самую суму, што прадаюць у крамах, а тое і ніжэй!

"Бакалея", Брэст: “Цана прыкладна такая, якая была оптавая цана. То бок пачым нам "Барымак" прадаваў, мы пару працэнтаў зверху дадавалі — па столькі і прадавалі. Напэўна, нават ніжэй, чым у крамах. Бо стандартная надбаўка магазінаў — 30% плюс яшчэ ПДВ”.

Фота: promdex.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі