Аўтобус з мінай у Вільню прыехаў не з Мінска, а з Палангі

Аб гэтым Еўрарадыё расказаў Арунас Індрашус, генеральны дырэктар кампаніі TOKS, якой належыць аўтобус.

“Ёсць маршрут – Мінск-Паланга. Адзін аўтобус абслугоўваў у пятніцу гэты маршрут. У 12.30 ён выехаў з Вільні ў Мінск, а потым, у 18.40 выехаў у Літву. У 22.30 ён быў у Вільні, тут замяніліся кіроўцы і ён паехаў на Палангу, а раніцай адтуль вярнуўся ў Вільню”.

Спадар Арунас распавёў, што сумка з мінай магла трапіць у аўтобус у Вільні, альбо на нейкім са шматлікіх прыпынкаў па шляху да Палангі. Кіроўца знайшоў сумку яшчэ ў Паланзе, але вырашыў яе прывезці ў Вільню і толькі там адкрыў.

Іншыя падрабязнасці здарэння не раскрываюцца ў інтарэсах следства. Усе тры кіроўцы, якія працуюць на гэтым аўтобусе, застаюцца на свабодзе. З імі працуе паліцыя.

Намеснік кіраўніка Ашмянскай мытні Сяргей Самушчаў падцвердзіў Еўрарадыё, што аўтобус з мінай у Вільню прыехаў не са сталіцы Беларусі, а з Палангі. Разам з тым ён адмовіўся каментаваць тое, якім чынам праводзіўся дагляд аўтобуса на шляху з Мінска.

Нагадаем, што у суботу ранкам на аўтавакзале Вільні была знойдзеная сучасная супрацьтанкавая міна. Першапачаткова паведамлялася, што у сталіцу Літвы яе прывёз аўтобус Мінск-Вільня. Кіроўца нібыта пагадзіўся прывезці перадачу са сталіцы Беларусі, а калі аддаваў яе у Вільні, то зазірнуў унутр і выклікаў паліцыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі