Аўтара "Гродназнаўства" звольнілі з працы двойчы

28 верасня ўніверсітэцкі прафкам дазволіў наймальніку звольніць Чарнякевіча з працы, перадае Радыё "Свабода". Афіцыйная фармулёўка звальнення — за сістэматычнае парушэнне працоўнай дысцыпліны. Сам Чарнякевіч і яго калегі не маюць сумневу, што насамрэч яго звольнілі за ўдзел у напісанні кнігі "Гродназнаўства".

Сістэматычным парушэннем назвалі тое, што Чарнякевіч замяніўся з іншым выкладчыкам, каб той правёў лекцыю замест яго. Сам выкладчык кажа, што замяніўся паводле стану здароўя, папярэдзіўшы сваіх кіраўнікоў. Па яго словах, гэта звычайная практыка, калі замена робіцца без пісьмовых загадаў, на ўзроўні мясцовага кіраўніцтва.

Нагадаем, што Чарнякевіча некалькі тыдняў таму ўжо звольнілі з працы ва ўніверсітэце. Але паколькі ён у той час быў у шпіталі, яго аднавілі.

Тры дні таму прафкам універсітэту большасцю галасоў выступіў супраць звальненьня Чарнякевіча. Але сёння ўсе аднагалосна прагаласавалі за тое, каб яго звольніць. Паседжаньне прафкаму адбылося без удзелу Чарнякевіча.

Нагадаем, што праблемы ў гродзенскіх гісторыкаў пачаліся пару тыдняў таму. Уладам не спадабалася, што падручнік "Гродназнаўства" быў надрукаваны ў Польшчы і заканчваўся першай паловаў 90-х гадоў мінулага стагоддзя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі