Асуджаныя па справе 19 снежня Мікіта Ліхавід, Аляксандр Атрошчанкаў і Павел Вінаградаў далі прэс-канферэнцыю на другі дзень пасля вызвалення з турмы.
“Хочацца перасцерагчы ўсіх ад залішняга аптымізму, бо застаюцца ў турме нашы сябры, якія сядзяць цалкам незаконна. Мы маем цяпер адсутнасць законнасці ў краіне. Кожны можа патрапіць у турму. У СІЗА КДБ мне адкрыта казалі, што мы закладнікі, тавар, і нас будуць выпускаць у абмен на крэдыты”, — распавядае прэс-сакратар Андрэя Саннікава Аляксандр Атрошчанкаў, якога за ўдзел у акцыі асудзілі на 4 гады калоніі строгага рэжыму.
Мікіта Ліхавід за час знаходжання ў Наваполацкай калоніі 81 суткі правёў у штрафным ізалятары. У ШЫЗА дазвалялі браць толькі зубную шчотку, прылады для галення і туалетную паперу. Адзенне забіраюць, замест яго — турэмная роба, узгадвае Ліхавід. У калоніі Мікіта сустрэў чалавека, асуджанага яшчэ падчас выбараў 2006 года.
Мікіта Ліхавід: “У Беларусі сядзіць вялікая колькасць палітзняволеных. Калі ўсіх падлічыць, то мы жахнемся. Нават у Наваполацку я сустрэў чалавека, якога пасадзілі за выбары 2006 года. Яго справа высмактаная з пальца, яму далі 12 год. Цяпер яму засталося сядзець два гады. Суд змяніў яму прысуд з 12 да 8”.
Павел Вінаградаў быў вызвалены з Івацэвіцкай калоніі “Воўчыя норы” паводле ўказу кіраўніка краіны аб памілаванні. У калоніі хлопец напаткаў асуджанага па справе анархістаў (закідванне бутэлькамі з запальнай сумессю расійскай амбасады, ізалятара на Акрэсціна) Аляксандра Францкевіча. Яму таксама прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але той адмовіўся.
“Ён мне сказаў, што не падпісаў. Наколькі я ведаю, прапаноўвалі таксама Дзядку і Аліневічу, і яны таксама не падпісалі”.
Усе былыя зняволеныя выказваюцца за тое, каб асуджаных анархістаў таксама прыраўнялі да палітзняволеных.
Нагадаем, цяпер праваабаронцы называюць палітзняволенымі Уса, Статкевіча, Саннікава, Севярынца, Лобава, Дашкевіча, Бандарэнку, Бяляцкага і Аўтуховіча.
Вырашаецца пытанне, ці лічыць палітзняволенымі асуджаных у траўні анархістаў. Сярод іх Веткін, Селівончык, Францкевіч, Аліневіч, Сырамалотаў, Пракапенка, Васьковіч.
Намесніца старшыні зарэгістраванага ў Чэхіі "Маладога фронту" Наста Палажанка нагадвае пра Змітра Дашкевіча, які знаходзіцца ў ШЫЗА калоніі № 9. Цяпер хлопец трымае галадоўку.
“Скажу ў прыватнасці пра Змітра Дашкевіча, які чацвёрты дзень трымае галадоўку ў патрабаваннях, якія на свабодзе гучаць смешна. Гэта вяртанне цёплых рэчаў, коўдры і Бібліі”.
Вядома, што 10 верасня Дашкевічу прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але той адмовіўся.