Асіпцоў: Адзін з лідараў "Маладога фронту" пасля апынуўся ў БРСМ

Першы з'езд арганізацыі "Малады фронт" прайшоў у Мінску 6 верасня 1997 года. Ад таго часу рабіліся шматлікія спробы легалізацыі ў Беларусі, але чыноўнікі ў гэтым маладафронтаўцам адмаўлялі. Цяпер арганізацыя зарэгістраваная ў Чэхіі. 

На пытанні Еўрарадыё адказвае журналіст з Магілёва Алесь Асіпцоў, які ў канцы 1990-х быў адным з лідараў "Маладога фронту".

Еўрарадыё: Што вы можаце распавесці пра гэтую арганізацыю, пра падзеі 1997 года?
110906 AsipcouS.mp3
Алесь Асіпцоў: “Варта хутчэй за ўсё сказаць не пра сам 1997 год, а пра 1996 год. Пра "Менскую вясну-96", калі моладзь выйшла на плошчы, на вуліцы Менску і пачала пратэставаць супраць той палітыкі, якую праводзіла на той час і праводзіць, відаць, дагэтуль палітычнае кіраўніцтва краіны. Уласна вясна 1996 года і нарадзіла тое, што цяпер называецца “Маладым фронтам”. У 1997 годзе на першым з’ездзе “Маладога фронту” мяне абралі сустрашынём гэтай арганізацыі. Я быў сустаршынём да 1999-га”.

Еўрарадыё: А хто тады яшчэ стаў сустаршынямі?

Алесь Асіпцоў: “Павал Севярынец і Сяргей Паўленка з Горадні... Так пачыналася. Калі казаць пра сённяшні час, то “Малады фронт” застаецца адной з самых уплывовых моладзевых грамадскіх арганізацыяў. Улада робіць усё, каб навесіць на гэтую арганізацыю шматлікія ярлыкі, але ўжо не адно пакаленне моладзі прайшло праз гэтую арганізацыю і гэта сведчыць пра тое, што ідэі “Маладога фронту” застаюцца актуальнымі, яны застаюцца папулярнымі сярод моладзі, якая лічыць, што беларускае грамадства павінна стаць беларускім грамадствам”.

Еўрарадыё: Кажуць, што Сяржук Паўленка потым пайшоў у БРСМ. Як вы ацэньваеце яго гэты пералом і ці не адбываўся ён на вашых вачох?

Алесь Асіпцоў: “З Паўленкам у мяне ніякіх кантактаў няма ад моманту майго адыходу ад “Маладога фронту”, а гэта 1999 год. Але да ўчынку спадара Паўленкі я таксама стаўлюся цярпіма і не бачу ў гэтым нічога такога, што б магло яго так ачарніць у маіх вачах. Кожны выбірае свой шлях...".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі