Аштрафаваны настаўнік фізікі зноў публікуе пробнае тэсціраванне ў інтэрнэце

“Яны мяне
штрафанулі, калі я ў другі раз выкладаў матэрыялы. Цяпер я ўжо выкладваю ў
трэці раз, але не цалкам і са сваімі рашэннямі. Есць артыкул у аўтарскіх
правах, калі выкладаць частку задання ў вучэбных мэтах, то пераследваць не
могуць”, — тлумачыць настаўнік фізікі Аляксандр Саковіч. Падстрахаваўся.
Раней Аляксандру
Саковічу далі штраф у 20 базавых за парушэнне аўтарскіх правоў Інстытута кантролю
ведаў. Нібыта, Інстытут мае аўтарскае правы на ўсе пробныя тэсты.
Штраф у 700
тысяч рублёў — гэта прыкладна столькі, колькі Інстытут кантролю ведаў зарабляе
на класе падчас пробных іспытаў. Адзін пробны тэст каштуе школьніку 30 тысяч
рублёў.
“Хутчэй за ўсё,
тыя пробныя тэсты, якія я апублікаваў, прайшлі ў Магілёве, а ў астатніх гарадах
— яшчэ не. Але яны не публікавалі графік тэсціравання. У прынцыпе, яны проста
зарабляюць грошы, а канкурэнтаў штрафуюць”, — кажа Аляксандр Саковіч.
Яшчэ адзін
парушальнік — настаўніца замежнай мовы адной са школаў з Гомельскага раёну — не
прызнала сваёй віны. Абышлася папярэджаннем. Яна апублікавала заданні са сваімі адказамі да пробных тэстаў па замежнай мове ў блогу, пасля правядзення рэпетэцыйнага тэсціравання ў Гомельскай вобласці.
За тэсты
наказваюць нават школьнікаў. На сайце выкладчыка фізікі Аляксандра Саковіча
нечакана знаходзім паведамленне:
“У мяне тая ж
праблема. Я выклаў (цяпер няісны) варыянт рэпетыцыйнага тэсціравання па
матэматыцы... Праз тры дні разбіральніцтва, праз два месяцы камісія па справах
непаўналетніх —- у выніку паўгода на ўліку...“
Атрымліваецца, за
публікацыю ў сеціве пробных заданняў Інстытута кантролю ведаў школьнікаў ставяць на ўлік?
У Інстытуце
кантролю ведаў размаўляць пра аштрафаваных настаўнікаў і школьнікаў на ўліку
камісіі па справах непаўналетніх не хочуць. Спасылаюцца на занятасць.
“Тэсты ў нас
разглядаюцца як аб’ект абароны аўтарскіх правоў. Калі яны складаліся
супрацоўнікамі інстытута ў межах іх службовых абавязкаў, усе правы на тэсты
пераходзяць да інстытута. Таму тэарэтычна іх публікацыя можа быць парушэннем
аўтарскіх правоў”, — расказвае юрыст Сяргей Зікрацкі.
“Аўтарскім правам
абараняецца нешта новае і арыгінальнае. Ці з’яўляюцца арыгінальнымі задачы Інстытута кантролю ведаў?”, — задаюцца пытаннем настаўнікі на форуме. І прыводзяць дзве задачы па
фізіцы, адну з тэстаў, другую — з падручніка. Яны амаль аднолькавыя! Хто ў каго?
Фота: adevarul.ro