Арганізатары Дня Волі: Тыя, хто прапануе крэатыў, хай яго і зробяць!

120321 Martin Den Voli.mp3

“Наш крэатыў — тое, што людзі мусяць адчуць персанальную адказнасць за лёс краіны. Арганізатары забяспечылі дазволеную акцыю. Сцягі можна набыць, можна пашыць самім. Гэта можа рабіць кожны. Кожны чалавек, хто збіраецца, намалюйце плакат самі… Тыя, хто прапануе крэатыў, хай яго і зробяць”, — прапануе адзін з арганізатараў святкавання Дня Волі Віктар Івашкевіч.

Аляксей Янукевіч, Уладзімір Колас, Віталь Рымашэўскі, Аляксей Марачкін


Гарадскія ўлады дазволілі акцыю са зборам ля Акадэміі навук, шэсцем і мітынгам на плошчы Бангалор. У заяўцы арганізатары ўказалі тысячу ўдзельнікаў: болей нельга паводле закону, калі яна падаецца ад фізічнай асобы.

Лішніх выганяць не будуць.

“Калі колькасць удзельнікаў будзе больш за тысячу, за гэта юрыдычна будуць адказваць арганізатары. 1001-ага арыштоўваць не будуць”, — абяцае Віктар Івашкевіч.

Згодна з новым законам “Аб масавых мерапрыемствах” арганізатары мусяць аплаціць працу міліцыі, пажарных і лекараў на акцыі. Рахунак выставяць ужо пасля….

“Нам пакуль не кажуць, колькі гэта будзе каштаваць. Можа мы са скрынкамі пусцім кагосьці на акцыі. А можа са сваіх пенсій заплацім”, — гаворыць адзін з заяўнікоў акцыі Уладзімір Колас.

Як даведалася Еўрарадыё, адна гадзіна дзяжурства машыны хуткай дапамогі з брыгадай каштуе 200 тысяч. А арэнда машыны МНС з баявым разлікам абыдзецца ў 530 тысяч, без уліку прабега. Ды й яшчэ дворнікам давядзецца заплаціць… не менш за 100 тысяч.

Пенсіі ўжо можа не хапіць…

На плошчы Бангалор, акрамя мітынгу, зладзяць канцэрт. Паводле слоў Віктара Івашкевіча, згоду на выступ ўжо далі дзесяць бардаў.

“Папярэднія ёсць дамоўленасці з Вайцюшкевічам, Шалкевічам, Хаменкам і Мельнікавым. І шэраг маладых выканаўцаў. Лявона Вольскага не будзе: у яго гастролі”, — пералічвае Віктар Івашкевіч.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч абяцае, што сёлетні Дзень Волі не будзе шараговай акцыяй.

Аляксей Янукевіч: “Бо сёння мы стаім на мяжы страты эканамічнай і палітычнай незалежнасці. У Маскве ўжо цяпер рыхтуюцца дзяліць пасады ў Беларусі. Няма лепшай нагоды нагадаць пра сваю незалежнасць — прыйсці на гэтую акцыю”.


Нагадаем, арганізатары акцыі на Дзень Волі заклікаюць удзельнікаў збірацца ля будынку Акадэміі навук у 13:30. Пасля плануецца шэсце да плошчы Бангалор і мітынг.

Фота 1: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі