Арганізатары Дня Волі чакаюць крэатыву ад удзельнікаў свята

120223 Luka6uk den Voli_0.mp3

Заяву на святкаванне 25 сакавіка Дня Волі панеслі ў Мінгарвыканкам 23 лютага. Маршрут шэсця звыклы — ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Там — па завядзёнцы мітынг з патрабаваннямі вызвалення палітвязняў, свабодных выбараў ды спынення здачы незалежнасці краіны.


"Няўжо і гэтым разам не будзе ніякага крэатыву?", — цікавіцца Еўрарадыё ў сябраў аргкамітэта, і найперш — у мастака Аляксея Марачкіна.


Аляксей Марачкін: “Праграма яшчэ будзе абмяркоўвацца 27 лютага на пасяджэнні аргкамітэта. Але ўжо гучалі прапановы, каб задзейнічаць нашых бардаў, нашых спевакоў, каб усё не так сумна было, паэтаў нашых”.



А Віктар Івашкевіч раіць пакрэатыўнічаць самім удзельнікам акцыі, а не патрабаваць гэтага выключна ад арганізатараў.


Віктар Івашкевіч: “Паглядзіце, як цікава ў Маскве робяцца мерапрыемствы не арганізатарамі, а ўдзельнікамі. І кожны ўдзельнік прыдумвае, з якім плакатам, у якім касцюме, з якім шоў ён прыйдзе на гэта мерапрыемства! Я падкрэсліваю: праяўляйце, людзі, ініцыятыву!”



Паводле слоў сябра аргкамітэта Ігара Лялькова, прадстаўнікоў у аргкамітэт даслалі практычна ўсе партыі, рухі ды грамадзянскія кампаніі. Еўрарадыё зацікавіла, ці яны таксама спадзяюцца выключна на крэатыў з боку звычайных удзельнікаў акцыі.


Андрэй Дзмітрыеў прызнаецца Еўрарадыё: “Гавары праўду!” ад пачатку выступала супраць гэтага парадку рэчаў. Але калі рашэнне прынятае, яны будуць спрабаваць напоўніць святкаванне сваім крэатывам.


Андрэй Дзмітрыеў: “Мы будзем спрабаваць прыдумаць нешта ў межах канцэпцыі пазітыўнага пратэсту. І, безумоўна, прапаноўваць, калі прыдумаем. Але пакуль што ніякіх прапаноў няма — ідзе ўнутранае абмеркаванне”.


“Нельга займацца рытуальнай дзейнасцю, — гаворыць Аляксандр Мілінкевіч. — Для мяне паход на Бангалор немагчымы. Я да Акадэміі навук гатовы прыйсці і прыйду, а на Бангалор больш не хадок пасля 2006 года. Таму мне цяжка браць на сябе адказнасць на новыя рэцэпты ці новыя сцэнарыі, калі перамагла тая думка, якую я асабліва не падтрымліваю”.


Адпаведна, над якімсьці крэатывам на Дзень Волі рухаўцы нават не думалі.


Затое цалкам падтрымлівае святкаванне ў звыклым фармаце намеснік старшыні партыі левых “Справядлівы свет” Валеры Ухналёў.


Валеры Ухналёў: “Я гатовы да ўдзелу ў мітынгу, ці што там будзе, на Бангалоры, і не лічу, што ў сённяшняй сітуацыі патрэбная нейкая іншая, больш крэатыўная, больш актыўная ці больш несумяшчальная з сённяшнімі рэаліямі акцыя дэмакратычных сіл”.


Віктар Івашкевіч запрашае прыходзіць на пасяджэнні аргкамітэта па святкаванні Дня Волі і... прапаноўваць свой крэатыў. “А не толькі кпіць з “аксакалаў” беларускай апазіцыі ў сацыяльных сетках”.


Дарэчы, арганізатары не ведаюць, што будуць рабіць са святкаваннем, калі ўлады не дазволяць шэсце ды мітынг. Канфрантацыі з міліцыяй яны не хочуць і на гэтым прапановы заканчваюцца.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі