Apple Tea і Камерата здзівілі адно аднаго

Яшчэ да пачатку канцэрта гледачам было чаму здзівіцца – сямёра вакалістаў "Камераты" і шасцёра музыкантаў "Apple Tea" на адной сцэне нібыта нагадвалі аркестр. Пасля першай кампазіцыі "Снега", якая калісьці дала назву першаму альбому "Камераты", галоўны кампазітар гурта Вольга Вераб’ёва павіталася з гледачамі:

 

Вольга Вераб’ёва: "Нас сёння нязвыкла шмат на сцэне, таму будзе многа цікавай музыкі, будзе гучна! І вам судзіць, што за альянс у нас сёння атрымаўся".

Паколькі і "Камерата", і "Apple Tea" у пэўным сэнсе даўно з’яўляюцца музычнай візітоўкай Беларусі за мяжой, артысты шмат гастралююць. Як распавяла са сцэны Вольга Вераб’ёва, з гастроляў музыканты вязуць з сабою не толькі сувеніры, але і шмат цікавых уражанняў. Так, пад уплывам канцэртаў ва ўсходніх краінах, у "Камераты" нарадзілася кампазіцыя "Жара".

Вольга Вераб’ёва: "Зараз мы праспяваем вам пра Усход, таму што там шмат колераў, шмат мітусні, цікавостак. Пахі спецыяў, жанчыны на вуліцах, як вялікія чорныя птушкі – вельмі вялікае ўражанне выклікае ўсё пачутае і пабачанае намі. Усё гэта мы паспрабавалі ўвасобіць у гэтай кампазіцыі".

Акрамя цудоўнай імітацыі ўсходніх спеваў, галасоў на рынку і сапраўднага адчування Ўсходу, "Камерата" яшчэ і ператварыла свой выступ у своеасаблівы тэатр з усходнімі танцамі.

 

 

Затым прагучалі "Два буслы" і "Івалга" - дзве кампазіцыі з 2-га нумарнога альбома гурта "Apple Tea", які называецца "Пчаліны танец". Па выніках гэтага канцэрта музыканты спадзяюцца перазапісаць дыск разам з "Камератай".


Яшчэ адна з захапляючых дзеяў, якую падрыхтавала да канцэрта "Камерата" – чароўная кампазіцыя "Афрыка".

"Ну,а зараз мы разам з вамі хацелі б перанесціся на далёкі афрыканскі кантынент, – кажа адзін з вакалістаў. - Мы б хацелі, каб вы ўявілі адзін дзень у Афрыцы – ад усходу сонца і да заходу".

Эфекты, якія ствараюць музыканты сваімі галасамі, здаюцца неверагоднымі. Чарговы раз здзіўляешся іх складаным рытмічным малюнкам і інструментальным імітацыям. Калі заплюшчыць вочы, можна і насамрэч адчуць сябе на беразе акіяна сярод шчабятання афрыканскіх птушак і ўявіць гучанне чароўных усходніх інструментаў.

 

 

Пасля выканання "Афрыкі" музыканты "Камераты" саступілі сцэну сольнаму сэту "Apple Tea", якія выканалі дзве кампазіцыі – "Sunny Samba" і "Rio Breeze".

 

Пасля невялічкай паўзы на сцэне зноў з’явілася "Камерата". Падчас выканання адной са сваіх кампазіцый, музыканты прапанавалі гледачам праспяваць разам радкі рэфрэну. Жадаючых аказалася вельмі шмат!

Заключнай кампазіцыяй стала самая вядомая п’еса "Apple Tea" з аднайменнай назвай. Поўнай нечаканасцю і для гледачоў, і, здаецца, для саміх музыкантаў, стала не толькі новая аранжыроўка п’есы, але і тое, што ў яе з’віўся тэкст… на французскай мове! Такая ідэя з’явілася вельмі хутка, кажа Вольга Вераб’ёва:

"Ігар Мельнікаў напісаў словы. Мой тата, прафесар французскай мовы, пераклаў гэты тэкст, і атрымалася вельмі арганічна. І музыканты хацелі, каб песня гучала менавіта на французскай мове. Ды і нам падалося, што па настрою гэтай кампазіцыі французская мова ёй вельмі пасуе".

 


Музычны крытык Зміцер Падбярэзскі таксама застаўся зачараваны новым гучаннем п’есы:

Зміцер Падбярэзскі: "Шчыра кажучы, сярод многіх маіх захапленняў у мяне ёсць і такое, што я збіраю розныя версіі самай вядомай тэмы "Apple Tea". І сёння гэтая калекцыя папоўнілася. Гэта, канешне, вельмі нечакана прагучала, прычым прагучала, як пэўны водгук кліпа, які зрабіў Валодзя Янкоўскі з французскім атачэннем. Такая рэмінісцэнцыя атрымалася, на маю думку, ну проста бліскучая!"


Самі ўдзельнікі праекту засталіся задаволеныя сумесным вынікам працы. Вольга Вераб’ёва спадзяецца, што сумесны канцэрт – першы, але не апошні:

"Мы атрымалі задавальненне ад працы з "Apple Tea". Музыканты літаральна ловяць усё з лёту, адразу прапаноўваюць нейкія свае цікавыя ідэі і нас дапаўняюць. Мы таксама паспрабавалі ўпісацца ў іх музыку, і дапоўніць яе, можа быць, некім фальклорным элементам – тым, чым мы самі валодаем. Для нас самае галоўнае, што публіцы спадабалася. Спадзяюся, будуць яшчэ нейкія праекты разам".

Як высветлілася, у будучых планах гуртоў не толькі сумесны запіс альбома "Пчаліны танец": музыканты ўсур’ёз задумаліся над шэрагам сумесных канцэртаў.

“У мяне такое адчуванне, што атрымаўся пачатак чагосьці добрага. – дзеліцца ўражаннямі стваральнік і кампазітар гурта "Apple Tea" Ігар Сацэвіч. - Магчыма, увосень мы праедземся па Беларусі. Дакладна тое, што такі канцэрт адбудзецца і ў Кіеве. А яшчэ я нікому не распавядаў, але думаю, што ў той альбом, што мы зараз сумесна запісваем з "Камератай", абавязкова ўвойдзе "французская" кампазіцыя "Apple Tea".

Бубнач "Apple Tea" Аляксандр "Князь" Сапега  застаўся вельмі ўражаны прафесіяналізмам музыкантаў "Камераты".

Аляксандр Сапега: "Падчас рэпетыцыі адзін з іх музыкантаў можа спыніцца паслухаць іншых, нешта нават сказаць, заўвагі нейкія, і пасля працягнуць сваю партыю. І я падумаў: "Божа мой! Я б пачаў не з той ноты". І калі я гаварыў пра гэта з сябрамі, яны адказалі: "Дык гэта ж прафесіяналы!" Калі ж я падзяліўся гэтымі думкамі з "Камератай", яны сказалі: "А ў нас такое ж адчуванне ад вас". Вельмі прыемна, калі прафесіяналізм не назойлівы – мы не пантуемся, а проста робім сваю працу ,кайфуем і здзіўляем адно аднаго. Мне падаецца, што вось гэта здзіўленне ад сумеснай працы – самы галоўны слоган нашага канцэрта".

Публіка была ў захапленні, доўга не адпускала гурты са сцэны, і ў выніку была ўзнагароджана выкананнем кампазіцыі "Apple Tea" на біс.

 

 

 

Як вынік, можна ўпэўнена сказаць, што гэтую праграму адназначна варта "катаць" не толькі па Беларусі, але і па ўсёй Еўропе, па ўсім свеце цалкам без усялякай небяспекі, што людзі будуць расчараваныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі