Апазіцыя кансультуецца па адзіным, але пакуль не ведае, ці ён ёй патрэбны

130110_malina_adziny.mp3

Апазіцыя ўзялася за сваю ўлюбёную справу апошніх 18 гадоў — распачала кансультацыі па вылучэнні адзінага кандыдата ад дэмсіл. У гэтым Еўрарадыё прызнаецца лідар руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.


Аляксандр Мілінкевіч: “Аўтарытарны рэжым патрабуе кансалідацыі ў выглядзе адзінаабранага кандыдата. Такую працу мы вядзем. Проста яна кулуарная, яна не публічная, але — прасоўваемся. І выпрацуем як мінімум падыход”.


Дзяліцца нейкімі вынікамі гэтых кансультацый Мілінкевіч адмаўляецца, але яшчэ раней Еўрарадыё даведалася, што да самой працэдуры абрання адзінага кандыдата ў апазіцыі два падыходы: Кангрэс дэмакратычных сіл і праймерыз. На апошняй працэдуры ўпарта настойвае ад імя АГП Анатоль Лябедзька.


Пакуль, згодна са словамі Мілінкевіча, у гэтых кансультацыях задзейнічаныя тры структуры: кампанія “Гавары праўду”, Партыя БНФ і рух “За свабоду”. Але, як даведалася Еўрарадыё, трыма структурамі працэс кансультацый не абмяжоўваецца. Паводле старшыні партыі “Справядлівы свет” Сяргея Калякіна, працэс гэты, нібы лясны пажар, ахапіў большасць апазіцыі.


Сяргей Калякін: “І са мной такія кансультацыі былі! Гэта звычайная рэч у палітыцы. Ну, адбываюцца кансультацыі, але я не бачу ў гэтым нічога такога надзвычайнага!”


Лідар левых агаломшвае сваім бачаннем прыярытэтаў у гэтым пытанні.


Сяргей Калякін: “Працэдуру можна зрабіць вельмі хутка. Яе можа правесці за пару гадзін, і ўсё будзе вырашана! Калі будзе палітычная воля і будуць адказы на галоўныя пытанні: ці патрэбны адзіны кандыдат і што гэта будзе за палітык, чаго ён будзе дамагацца, якую палітыку ён будзе праводзіць?”


На думку Калякіна, не абавязкова рэйтынг адзінага будзе вынікам складання рэйтынгаў усіх астатніх лідараў дэмсіл. Маўляў, чаму левыя павінны галасаваць за адзінага-правага? Адсюль і пазіцыя партыі: працаваць левыя будуць на таго адзінага, які будзе ім блізкі ідэалагічна.


У кастрычніку практычна ўсе кандыдаты ў прэзідэнты-2010, апроч Яраслава Раманчука, альбо іх палітычныя сілы заявілі Еўрарадыё, што не супраць ізноў у гэтым шоў паўдзельнічаць. І ніхто не выказваецца супраць самой ідэі адзінага. Усе нібыта гатовыя нават працаваць на свайго калегу-канкурэнта. На гэты крок згодны Віктар Цярэшчанка!


Віктар Цярэшчанка: “Я падтрымаю гэтага чалавека, калі ўбачу, што гэта будзе вартая асоба, камандны чалавек, здольны, па жыцці зразумелы чалавек. І не будзе гэта горш, чым пры цяперашняй уладзе”.


Цярэшчанка скардзіцца, што ні ў 2010 годзе, ні цяпер яго на кансультацыі наконт адзінага чамусьці не запрашаюць.

Фота: http://www.svaboda.by/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі