Абранага “лайкамі” адзінага апазіцыя за свайго не прызнае

121127_luka6uk_primers.mp3

Галоўны прыхільнік вызначэння адзінага з дапамогай “праймерыз”, Анатоль Лябедзька, не супраць інтэрнэт-галасавання. Калі яно будзе адным са складнікаў іх “празмерыз”.


Анатоль Лябедзька: “Яно аддае прэферэнцыі тым, якія добра сябе пачуваюць у сацыяльных сетках у інтэрнэце. Але адразу выстаўляе за межы працэдуры тых, хто, да прыкладу, працуе на МАЗе, ці дзе-небудзь у Жабінцы, якія не маюць доступу ў інтэрнэт. Ну, вось вы лайкнеце — хто там вам падабаецца. Выбар ваш эмацыйны. А мы хацелі б зрабіць гэта насамрэч выбарамі, а не “пытаннем тыдня”.



Лідар АГП упэўнены, што “жывыя праймерыз” у адным райцэнтры будуць больш легітымными, чым галасаванне праз інтэрнэт. Хай сабе і некалькі мільёнаў “выбаршчыкаў” прагаласуюць.


Старшыня партыі Партыя БНФ Аляксей Янукевіч загадзя ўпэўнены, што калі такое адкрытае інтэрнэт-галасаванне правесці, то ніхто з лідараў апазіцыі ў топ-ліст… не трапіць.


Аляксей Янукевіч: “Калі б, напрыклад, Уладзімір Арлоў апынуўся на першым месцы, то я б абсалютна не здзівіўся. І, можа, сам бы за яго прагаласаваў”.



Але калі абраннікам народа стане нейкі “Піліп з канапель”, то нават мільёны лайкаў не гарантуюць яму падтрымку “бэнээфаўцаў”.


Лідэр кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімер Някляеў спачатку запэўнівае, што галоўнае абраць адзінага — праз “любыя механізмы”. Потым, што інтэрнэт-галасаванне — гэта толькі сацыялагічнае апытанне.


Уладзімер Някляеў: “Апроч інтэрнэтнай гульні, з гэтага нічога не будзе. Ну, можна ў гэта пагуляць, але гэта з гульні пачнецца і гульнёй скончыцца”.



Кажа, каб правесці сапраўдныя “праймерыз” неабходная дакладна прапісаная працэдура яго правядзення і механізм кантролю.


Як бачна, працэдура “ўсе галасуюць за ўсіх” лідараў нашай апазіцыі не задавальняе. Дый, у кантроль за інтэрнэт-галасаваннем яны не вераць: “Ведаем, як там накручваюць!” Ну, а тое, што ў той жа Эстоніі ўжо некалькі гадоў дэпутатаў абіраюць інтэрнэт-галасаваннем — не паказчык.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі