Akute і ZNICH не на жарт счапіліся за “Захід”

У адным адборы  беларускія музыкі сапернічаюць з украінскімі. Жорстка і не вельмі справядліва? Як бы не так! Па колькасці прыхільнікаў у сацсетках беларусы на галаву абыходзяць паўднёвых суседзяў.

Нават нашы аўтсайдары — Monkey Bite, IQ48 і ЖНЮВ — маюць “лайкаў”, як сярэднестатыстычныя ўкраінскія канкурсанты. І гэта пры тым, што першыя на адбор, здаецца, увогуле забілі. Здаровыя лосі і прыкалісты-пераросткі адстаюць ад лідараў “лайкаў” на 200-300. І, відаць, таксама да Радацічаў не даедуць. Прынамсі, у якасці ўдзельнікаў.

А вось Akute і ZNICH не на жарт счапіліся… Адно з адным! За 10 дзён да заканчэння адбору гурт Алеся Таболіча мае пад 500 “лайкаў”. А магілёўскія хутка распячатаюць сёмую сотню!

“Крута! Я не сачыў, але… Клас! — радуецца лідар Akute Раман Жыгараў. — Нічога асаблівага мы для галасавання не робім. Проста ненавязліва папрасілі нашых прыхільнікаў у сацсетках галасаваць за нас. І гэтага хапае. Намер паехаць на фэст у нас застаецца самы трывалы. Але паедзем утрох, бо на канцэртах пакуль што граем песні з першых альбомаў. Таму чацвёртага ўдзельніка гурта браць з сабой пакуль не абавязкова”.

Тое, што Akute зараз у лідарах, зусім не значыць, што галасаваць за іх і за астатніх музыкаў больш не трэба.

Увечары першага дня на сцэну фэста “Захід” выйдзе “Крамбамбуля”, закрываць другі дзень будзе “Ляпис Трубецкой”. Якія яшчэ беларускія гурты прэзентуюць свае песні на Заходняй Украіне? Адбор працягнецца да 12 жніўня.

Дарэчы, з Мінска на “Захід” ладзіцца бас-тур.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі