Акцыя салідарнасці з палітвязнямі 24 кастрычніка (АНЛАЙН+ФОТА+ВІДЭА)

19.30 Акцыя завяршаецца. Людзі разыходзяцца. Ніякіх гарачых момантаў на ёй болей не было. Васіль Парфянкоў з’ехаў на аўтобусе, за якім адразу накіраваўся мікрааўтобус. Яго затрымалі. Тры гадзіны Парфянкова пратрымалі ў пастарунку Цэнтральнага раёна сталіцы, а потым адпусцілі без складання пратаколу.

Адкрытых удзельнікаў было чалавек 15. Гэта была пасіўная акцыі салідарнасці. Не было нават спробаў дастаць партрэты палітвязняў.

19.20 Былы палітвязень Васіль Парфянкоў (на здымку справа, размаўляе з палкоўнікам Яўсеевым, які загадаў яму ехаць дахаты) пасля гутаркі з журналістамі пайшоў у бок метро. За ім пайшлі чацвёра ў цывільным. Ці быў Парфянкоў затрыманы, дакладна невядома. Але назад ён не вярнуўся.

19.16 Сцэнар акцыі да драбязы падобны да пятнічнага. Сярод прысутных — маці былога палітвязня Мікіты Ліхавіда Алена Ліхавід. Яна размаўляе з журналістамі і выказвае думку, што калі хоць некалькі чалавек прыйшло на акцыю, то гэта ўжо перамога.

Намеснік старшыні ГУУС Мінгарвыканкаму Ігар Яўсееў назірае за акцыяй з боку. Ён толькі папярэдзіў Алену Ліхавід, што нельга размаўляць з журналістамі на Кастрычніцкай. Былы палітвязень Васіль Парфянкоў таксама прыйшоў сюды і ўсё ж дае інтэрв’ю. Вядомыя палітыкі на акцыі пакуль не заўважаныя.

Мінакі спыняюцца паглядзець на тое, што адбываецца, але да акцыі не далучаюцца.

19.09. На плошчы ёсць людзі, але яны пакуль не арганізуюцца. Затрыманы каардынатар "Еўрапейскай Беларусі" Максім Вінярскі (на здымку ў цэнтры, з мегафонам, якім зацікавіўся палкоўнік Яўсееў). Яго схапілі адразу, як толькі ён з'явіўся на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску.

19.00 Удзельнікаў акцыі салідарнасці на Кастрычніцкай пакуль няма. На плошчы і каля яе знаходзяцца блізу 20 беларускіх і замежных журналістаў. Міліцэйскія патрулі выбарачна правяраюць заплечнікі людзей, якія ідуць у бок плошчы.

Акцыя салідарнасці з палітвязнямі была ініцыяваная кампаніяй “Еўрапейская Беларусь”. Паводле задумы арганізатараў, яна павінна прайсці ў Мінску на Кастрычніцкай і ў іншых беларускіх гарадах на цэнтральных плошчах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі