Акадэмія МУС не хоча фемінізацыі

Як паведаміў начальнік акадэміі Ўладзімір Бачыла, дзяўчаты могуць падаваць дакументы толькі на следча-экспертны факультэт. Іх квота — 5%, перадае БелаПАН.

Летась для дзяўчат было выдзелена каля 10% усіх месцаў у Акадэміі МУС, адзначыў Бачыла. Набор скарочаны ў сувязі са складанасцю прафесіі і навучання ў акадэміі. Паводле яго слоў, супрацоўнік міліцыі павінен валодаць пэўнымі псіхалагічнымі асаблівасцямі і маральнымі якасцямі, мець сур’ёзную фізічную падрыхтоўку, быць вынослівым і адпавядаць патрабаванням, што выстаўляюцца да яго. Акрамя таго, “ніхто не будзе чакаць тры гады, пакуль жанчына выйдзе з дэкрэтнага адпачынку”.

Паводле слоў Бачылы, у заходніх краінах сярод тых, хто вучыцца на праваахоўнікаў, дзяўчаты складаюць 20–25%. Але ў беларусаў іншы менталітэт і нашы жанчыны не гатовы стаяць на службе ў 40-градусны мароз. Мужчына лічыць сябе абаронцам і не можа дапусціць такіх умоў нясення службы для жанчыны, сказаў начальнік міліцэйскай акадэміі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі