Адзін дэпутат каштуе беларусам амаль як 100 настаўнікаў

Адну з першых пазіцый па выдатках у бюджэце на 2013 год займае Мінадукацыі — цэлыя 4 трыльёны 54 мільярды рублёў. Але калі суму падзяліць на армію з амаль 464 тысяч настаўнікаў, то атрымаецца толькі 8,7 мільёна ў год на кожнага. Гэта без уліку заробкаў.

121106_pilecki_budjet.mp3

“Зразумейце, у кожнай школе ёсць свае нюансы. Вось, напрыклад, дах рамантавалі ў мяне. І няправільна паклалі слой, зараз прамярзае памяшканне. Мы з імі судзімся. Пакуль дах не зробім, не будуць уцяпляць сцены. У кожнай установе адукацыі розныя патрэбы”, — расказвае Еўрарадыё дырэктарка школы № 110 Мінска Іна Чыгельская.

На яе думку, наогул грошай на адукацыю выдаткоўваецца дастаткова. Але часам паўстаюць розныя сітуацыі, якія выклікаюць праблемы.

Насця, доктар-стаматолаг адной са сталічных клінік, дзяржаўныя выдаткі на медыцыну ацэньвае больш крытычна.

“Фінансаванне, натуральна, варта было б павялічыць. Але тут справа нават не ў яго аб’ёмах, а ў размеркаванні. Бо фінансаванне паступае ў нейкіх мінімальных памерах”.

Міністэрства аховы здароўя сёлета атрымала бюджэт памерам амаль 5 трыльёнаў. Калі раздзяліць яго на 319 тысяч медработнікаў, атрымліваем па 15,5 мільёна ў год. Гэта амаль у два разы больш, чым на настаўнікаў.

Стаматолаг Насця гаворыць, што ў медыцыне выдзеленыя сродкі часта выкарыстоўваюцца не на роўных умовах.

“Выдзяляецца нейкі матэрыял, хай сабе пламбіравальны, як у выпадку стаматалогіі. І лепшае ідзе на асабістыя патрэбы кіраўніка аддзялення. А на агульны прыём застаецца тое, што застаецца”.

Значна больш грошай, чым лекарам, дастаецца салдатам. Бюджэт Мінабароны на 2013 год складае 6,8 трыльёна. Калі падзяліць на 48 тысяч вайскоўцаў, атрымаем па 142 мільёны ў год. Нятанная ў нас армія, варта прызнаць.

Сярод лідараў па выдатках разам з Мінабароны, Мінадукацыі і Мінздароўя — Міністэрства ўнутраных спраў: амаль 4 трыльёны рублёў. Міліцыянераў рознай масці ў Беларусі значна менш, чым настаўнікаў і лекараў, — каля 130 тысяч. Выходзіць 30 мільёнаў рублёў у год на кожнага. Але былы супрацоўнік праваахоўных органаў Дзмітрый расказвае Еўрарадыё, што працаваць яму даводзілася ў сапраўдных спартанскіх умовах.

“Мне на сябе хапала. Але ніхто не кампенсаваў бензін, а трэба было ездзіць па службовых справах за 10 км кожны дзень. Паперы давалі адзін пачак на месяц. Часам хапала, часам не. Камп'ютары ў нас былі старыя вельмі, завірусованыя. Ніхто не глядзеў за імі. Толькі некалькі больш-менш новых было”.

А самымі дарагімі для беларусаў аказаліся народныя выбраннікі. Гадавы бюджэт Нацыянальнага сходу90 мільярдаў рублёў. Калі падзяліць на 110 дэпутатаў, атрымаецца ажно па 818 мільёнаў у год на кожнага. Гэта нават больш за выдаткі на сенатараў. Яны абыходзяцца бюджэту па 794 мільёны на аднаго.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі