Абарона Някляева не збіраецца прасіць аб пераносе судовага працэсу

"Цяпер яго інтэнсіўна лечаць, спяшацца з гэтым не будзем. Да працэсу яшчэ пяць дзён — паглядзім", — сказала сайту "Гавары праўду!" адвакат Уладзіміра Някляева Тамара Сідарэнка.

У Някляева абвастрыліся болі ў спіне — радыкуліт дае пра сябе ведаць. 29 красавіка ў пяты раз да Някляевых прыходзіў лекар са шпіталя КДБ.
 
"Сёння ўжо прыходзіў лекар, паставіў укол. Стала трохі лягчэй. Заўтра я сама зраблю. Ціск таксама трымаецца. Але цяпер нас менавіта турбуе спіна — як ён суд перанясе?" — кажа жонка Някляева Вольга.
 
Аднак і сам Някляеў не мае намеру адкладаць судовы працэс, запланаваны на 5 траўня ў Фрунзенскім судзе. "Дзеля чаго адкладаць? Ужо і так тры месяцы знаходзімся ў невыносных умовах", — падкрэсліла Вольга.

Уладзімір Някляев абвінавачваецца па артыкуле 342 КК Рэспублікі Беларусь ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх").

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі