ААН: Курэйчык зняў фільм, які не адпавядае ягонаму ж сцэнарыю!

28 красавіка сцэнарыст Андрэй Курэйчык у сябе дома арганізоўвае прэм’ерны паказ серыяла “Вышэй за неба”. Праўда, доўжыцца “серыял” усяго дзве гадзіны. Відавочцы распавядаюць, што ў фільме сапраўды ёсць досыць жорсткія эпізоды. Гэта сцэна ў наркапрытоне, збіванне нагамі, сэкс герояў у фінальнай сцэне.


Ці выража са сваёй версіі фільма гэтыя сцэны ААН? І ці будзе задаволены Курэйчык, калі ААН пакіне жорсткія сцэны? Сам драматург нечакана кажа, што справа не ў жорсткасці сцэнаў!


Андрэй Курэйчык: “Я не ведаю, выразалі гэтыя сцэны ці не. Але падазраю, што выражуць, калі будуць рабіць… Але справа не ў гэтым. Сцэны не такія жорсткія, як у фільмах Гай-Германікі, напрыклад. Справа ў мастацкай канцэпцыі, у эстэтыцы кіно... Будзе ўмяшальніцтва ў эстэтычны бок, і гэта можа тычыцца самых бяскрыўдных сцэнаў. Гэта шырэй, чым проста — выразаць бойку або пакінуць бойку”.


Каардынатар кінапраекта ад Праграмы развіцця ААН Марыя Маліноўская ў размове з Еўрарадыё кажа, што справа не ў цэнзуры, а ў невыкананні Курэйчыкам дамовы.


Марыя Маліноўская: “Частку дамовы ён выканаў, і добра, за што мы яму ўдзячныя. Гэта быў сцэнарый — цікавы, драйвовы, не занудны, клёвы. Пытанняў да гэтага ніякіх няма. Другім жа пунктам дамовы стаяла адсочваць і кантраляваць адпаведнасць зацверджанага сцэнарыю матэрыялу, які здымаецца. Частка адзнятага матэрыяла не адпавядала ім жа падпісанаму сцэнарыю! Гэта прамое невыкананне кантракту. Ён падпісаў, а пасля канцэпцыя ў яго памянялася”.


“Ён сам яго падпісаў! Навошта ў такім разе падпісваў?” — дзівіцца Марыя Маліноўская… І дадае, што ААН гатовыя былі ўносіць у сцэнарый змены, але іх трэба было афіцыйна перападпісваць.


Марыя Маліноўская: “Там была адна такая сцэна, адзіная, якую ён прынёс у дадатак — мы яе падпісалі. А пасля высветлілі, што гэта была адзіная, вельмі маленькая сцэна, а ўсё астатняе ўвогуле не палічылася патрэбным узгадніць”.


Пасля парушэння дамовы, з Курэйчыкам і амаль усёй яго камандай дамовы разарвалі.


“Фактычна адхілілі не толькі мяне, але і ўсіх людзей, якія яго здымалі — мяне, рэжысёра-пастаноўшчыка, другога рэжысёра, рэдактара, аператараў-пастаноўшчыкаў, усіх”, — кажа Еўрарадыё Андрэй Курэйчык.


Еўрарадыё: Чаму вы вырашылі зрабіць фільм працягласцю ў дзве гадзіны, а не 8-серыйны, як збіраліся сумесна з ААН? 


Андрэй Курэйчык: “Я не вырашыў, мы зрабілі тое, што паспелі. У нас было вельмі мала часу. Я б з задавальненнем зрабіў і 8-серыйны, з рэжысёрам. Але нас адхілілі да таго, як мы паспелі зрабіць серыял. У нас была на руках нейкая частка змантаванага матэрыялу, яго хапіла на кіно. Я б з задавальненнем зрабіў і серыял, проста не паспелі”.


Еўрарадыё адшукала рыжэсёра фільма “Вышэй за неба” ў Маскве. Дзмітрый Марынін гатовы зрабіць нават 12-серыйны фільм!


Дзмітрый Марынін: “Мы можам дзве гадзіны, калі ААН да нас звернецца з такой просьбай, можам і 8 серый. Нават 12 серый можам з адзнятага матэрыяла! Але яны з намі не размаўляюць…”.


Паводле слоў рэжысёра, 24 студзеня здымкі фільма скончыліся, з таго часу ААН з ім “не размаўляе”. Фактычна ААН дарабляе фільм без рэжысёра.


Еўрарадыё запытала: чаму?


Марыя Маліноўская: “У фільма ёсць рэжысёр мантажу, які мае рэжысёрскі досвед. Па факце рэжысёрам быў таксама Курэйчык. Пад канец здымак ён падмяў пад сябе здымачны працэс… Але, на жаль, Курэйчык сцягнуў за сабой і рэжысёра ў гэтым працэсе. Моцна мы ад гэтага не пакутуем. Ну няма… Але ў мяне яго фактычна і не было ў апошнія дні. У мяне быў сцэнарыст…. актыўны вельмі. Цяпер даводзіцца мірыцца са стратамі”.


Каардынатар кінапраекта ад Праграмы развіцця ААН падкрэслівае, што нічога асабістага да Курэйчыка не мае.


Марыя Маліноўская: “Чалавек таленавіты, сцэнарыст таленавіты, і губляць яго вельмі шкада”.


ПРААН спадзяецца дарабіць першую серыю не пазней чым праз месяц, “адкатаць” яе на фокус-групе. Калі моладзь скажа, што фільм не сумны — у тым стылі зробяць і астатнія 7 серый.


Аўтары серыяла “Вышэй за неба” просяць ПРААН дазволіць паказ поўнаметражнай версіі стужкі, якую яны змантавалі самі. Фільм доўжыцца 2 гадзіны 10 хвілінаў. Аўтар сцэнарыя Андрэй Курэйчык лічыць яго сапраўдным фестывальным кіно, якое магло б прадстаўляць нашу краіну на самых прэстыжных форумах. Але, паколькі ўсе правы на зняты матэрыял належаць ПРААН, драматург не можа гэтага зрабіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі