20 хвілін катання на танку каштуе, як 15 візітаў у Оперны тэатр

111101 Pilecki Muzej.mp3

“Крышачку павысілі. Там нязначна, на рублёў 300 павысілі. Пакуль што не плануецца павышэнне”, — расказваюць у Музеі гісторыі беларускай літаратуры.

Кошт білета ў гэтым музеі — 1500 для школьнікаў і студэнтаў. Для дарослых — 3 000. Замовіць індывідуальную экскурсію будзе каштаваць 10 000 рублёў.

Такія смешныя кошты — не выключэнне. Столькі ж каштуе наведванне Нацыянальнага музея гісторыі і культуры. У эканамічным аддзеле музея расказваюць, што наведаць яго можна ўсяго за 3 000, і гэта ўжо з улікам падаражання.

“Зараз у нас нічога не мянялася, усё так. У гэтым годзе мянялася цана. Было 2200 для дарослага, стала 3000. І дзіцячы таксама трошкі падаражаў”.

Аднак не паўсюль кошты настолькі несур'ёзныя. У музеі Вялікай Айчыннай вайны, напрыклад, уваход каштуе 6 тысяч рублёў. А квіток у Нацыянальны мастацкі музей — 10 тысяч. Хаця нават такі кошт — усяго крыху больш за долар.

Кошты на квіткі вызначаюць самі музеі, зыходзячы з попыту. Галоўны эканаміст Нацыянальнага мастацкага музея Ала Чаркасава расказала Еўрарадыё, што музейшчыкі падыходзяць да фарміравання коштаў ашчадна.

“Мы яго фарміруем, зыходзячы з наведвальнасці. Ёсць попыт альбо няма. Зыходзячы з разумнага кошту. Таму што ўсё-такі музей ёсць музей. Гэта мастацтва для народа. І непамерна высокі кошт для іх — гэта будзе… Ну нельга проста з этычных меркаванняў. А калі для кагосьці ён вельмі высокі, то ёсць у нас адзін бясплатны дзень — серада, апошняя ў месяцы. Калі можна проста прыйсці і бясплатна паглядзець усім”.

Аднак нават самых высокіх коштаў на квіткі не хапае, каб акупіць усе выдаткі. Ала Чаркасава гаворыць, што музей павінен нейкім чынам кампенсаваць іх.

“Ну дык прабачце, а ў якіх іншых музеях такі вялізны аб’ём выставаў, карцін? Бо Нацыянальны мастацкі музей — гэта самы вялікі музей Беларусі. Калі зыходзіць з бюджэтных грошай, якія выдзяляюцца, то мы не проста сябе не пакрываем, мы ўвогуле, калі зыходзіць з гэтага, мы ў стратах”.

Пабачыць Мінск з агляднай пляцоўкі Нацыянальнай бібліятэкі можна за 7 тысяч рублёў. За гэтыя грошы там можна знаходзіцца хоць цэлы дзень.

“7 тысяч на аднаго чалавека. Цана змяняецца перыядычна, але ў бліжэйшы час, некалькі месяцаў, мяняцца не будзе. І колькі заўгодна (знаходзіцца там — Еўрарадыё), час не абмежаваны. Галоўнае, каб вы ў межы з 12 гадзіны дня да 11 вечара ўкладваліся”.

Квіткі ў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета ўжо даражэйшыя, ды і набыць іх нашмат складаней. За добрыя месцы трэба аддаць нават 100 тысяч.

“Месцы з абмежаваным аглядам — на балконе — каштуюць 7 тысяч. Вечары балета — ад 10 тысяч да 100. У нас ідуць аншлагі. На балетныя спектаклі — як толькі з’яўляюцца (білеты — Еўрарадыё) у сістэме, у нас электронныя білеты, то на працягу тыдня яны могуць ужо раскупіцца”.

А вось “Лінія Сталіна” каштуе ўсяго ў два разы больш за Нацыянальны мастацкі музей. Ёсць там і унікальныя паслугі, кошт якіх у 15 разоў пераўзыходзіць самы дарагі квіток у Тэатр оперы і балета. Напрыклад — катанне на эксклюзіўным танку.

“Зараз каштуе 750 тысяч. 20 хвілін катання. На танк улазіць прыкладна 10 чалавек, калі на брані. Таксама можна пастраляць з выхалашчанай зброі — 10 тысяч стрэл. Ёсць БТ-7 1935 года выпуску, адзіны ў свеце на хаду танк. Яго кошт раней быў паўтара мільёна, цяпер не ведаю. Мы на яго кошты павысілі. Мы вось нядаўна паднялі з 1 лістапада і пакуль больш не плануем. Дагэтуль катанне было 500 тысяч, зараз — 750. Стрэлы былі 5  тысяч, зараз — 10. Таму што сабекошт патрона ўжо 8500”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі