Лепшая песня Вольскага? А колькі можна назваць?

Пасля ўвядзення нібыта неіснуючых "чорных" спісаў, Лявон Вольскі зладзіў першы канцэрт.

Хадзілі чуткі, што перад самым пачаткам імпрэзы "Loft Cafe" "раілі" усё ж такі адмовіцца ад правядзення канцэрту, каб пазбегнуць праблем. Але "чалавеку, падобнаму да чалавека ў цывільным" адказалі, што калі канцэрт і прыкрыюць, усе прысутныя выйдуць на вуліцу і пачнуць хлопаць. Такога павароту падзеяў, вядома ж, перш за ўсё, не хацелася самому "чалавеку ў цывільным", таму было вырашана, што імпрэзе быць!

 

Канцэрт складаўся з дзвюх частак. Як адзначыў Лявон са сцэны, пачалі з самых "старых" твораў, напісаных яшчэ ў часы Мроі. Ад "Зямлі" перашлі да культавай "Я нарадзіўся тут", "Пахне чабор", "Мала сказаць ненавіджу""Белай яблыні грому") ды песень з Народнага альбома. Фінальным акордам першай часткі стала кранальная і шчырая "Простыя словы".

Еўрарадыё вырашыла правесці апытанку, якая з песень Лявона Артуравіча – гарача любімая слухачамі, а таксама даведацца, якую ролю ў іх жыцці адыграла творчасць Вольскага.

Апантаную прыхільніцу творчасці Лявона Вольскага Волю можна пабачыць у першых шэрагах на любым канцэрце музыканта (нядаўна Воля паўдзельнічала і ў здымках кліпа на песню "Пахне чабор"). Дзяўчына тлумачыць, што вылучыць адну песню з усёй дыскаграфіі Вольскага вельмі цяжка, і спрабуе выбраць любімае з "рознага":

Воля (злева)

Воля: "Калі з N.R.M. – гэта, напэўна, "Юра, ёлкі-палкі, Коля" – крыху такая дурнаватая, але прыкольная песня. З Крамбамбулі шмат добрых песень, я нават не магу вылучыць, якая мне больш падабаецца. Увогуле, творчасць Вольскага вельмі на мяне паўплывала: гэта перакуліла ўсё! Асабліва, калі мне было гадоў 16. Раней пра некаторыя рэчы я нават не думала, а паслухаўшы гэтую музыку… Яна дапамагала жыць у той час. А зараз ужо нікуды не падзенешся!”

Як высветлілася, песні Вольскага ў пэўны перыяд жыцця дапамаглі і журналісту Багдану Арлову.

Багдан Арлоў: "Неяк кардынальна, напэўна, не паўплывала. Але ягоныя песні дапамагалі жыць у розныя перыяды".

На пытанне пра любімую песню Багдан доўга думае, нібыта баіцца забыцца пра што-небудзь істотнае, а пасля ўпэўнена вызначае:

Багдан Арлоў: "Абсэнт", вось! Яна такая вельмі рамантычная. А я вельмі рамантычны чалавек – вось і песня рамантычная. Яна вельмі даўно ўжо была напісаная, але яе вельмі прыемна слухаць дагэтуль. Яшчэ вельмі цікавыя песні былі з ранняга Лявона Вольскага. Я ўжо не памятаю некаторых назваў, але вясёлае было такое задзірыстае "творчэства". "Одзірыдзідзіна", напрыклад, была харошая песня".


А вось журналіст TUT.BY Андрэй Каравайка, дзякуючы Лявону Вольскаму, нарэшце паспрабаваў размаўляць на мове і запісаў сваё першае беларускамоўнае інтэрв’ю.

"Я добра не знаёмы з творчасцю Лявона Вольскага.- распавядае Андрэй Каравайка, і тут жа выпраўляецца. - Я жартую, вядома ж! Але мне вельмі падабаецца яго песня "Я нарадзіўся тут". "Я на-ра-дзіў-ся тут, – спявае Андрэй. – Вось гэта, я лічу, песня Лявона на ўсе часы. І зараз я загаварыў па-беларуску, таму што мяне натхніў Лявон Вольскі!”

Андрэй Каравайка

Усюдызасвечаны Алесь Круглякоў застаўся ўражаны тым, што песні Вольскага пад гітару спяваюць вечарамі ля Траецкага прадмесця.

Алесь Круглякоў: "Што можна пачуць, гуляючы ўвечары ўздоўж рэчкі дзе-небудзь ля Траецкага? Не Стаса Міхайлава. І не Верку Сярдзючку. Народ ўначы спявае "Тры чарапахі". Вось гэта мяне ўразіла да такой ступені! Пасля гэтага я зразумеў, што ёсць і сапраўды папулярныя песні ў народзе".

Алесь прапанаваў Вольскаму "падмяніць" яго на сцэне ў форсамажорных абставінах.

"Вядома, на мяне паўплываў Вольскі! Па-першае, мне здаецца, Лявон Вольскі быў заўсёды. Вось як я сябе памятаю – заўсёды быў Лявон Вольскі. А па-другое, мне кажуць, што ў нас вельмі падобныя тэмбры голасу. Таму, калі раптам ён па нейкіх там прычынах не зможа заспяваць у другім аддзяленні, я магу прадубляваць".




Ірына Халіп (у цэнтры)



Прыхільнік творчасці Лявона Вольскага Косця называе музыканта флагманам пакаленняў.

Косця: "Напэўна, мае ўлюбёныя песні "Паветраны шар" і "Менск-Мінск". Лявон Вольскі – гэта ўвогуле ідал цэлага пакалення,  для людзей нашага ўзросту ад 25 да 30. Менавіта пад уплывам гэтых песень фармавалася наша нацыянальная свядомасць, нацыянальная скіраванасць.

Ён быў флагманам для нас, мы на яго арыентаваліся. Лявон скіроўваў нас да беларускай мовы, беларускай культуры, да ідэалаў сумлення. Да таго, што нягледзячы на тое, што адбываецца навокал, трэба жыць па праўдзе і разумець, што наша справа – правая і ўрэшце мы пераможам".

 

 

Другое аддзяленне Лявон адкрыў трыма песнямі з "Саўкі ды Грышкі" ды адказаў на пытанні "пра народныя чаянні". Цыдулкі (ці нават грашовыя купюры!) з пытаннямі дасылалі музыкантам цягам першага аддзялення і антракту. Большасць з іх тычылася сітуацыі з N.R.M., новага альбому Вольскага "Драбадзі-Драбада", які выйдзе восенню, палітычнай ды валютнай сітуацыі ў краіне, "масавых гулянняў у горадзе па серадах". У цыдулках музыканту нават прапаноўвалі прадаць-набыць валюту ў грымёрцы.

 

 

Прапануем вам паслухаць самыя "смачныя" з іх.

Самым папулярным адказам на пытанне пра любімыя песні Вольскага быў усё ж такі "А колькі можна назваць?". Адразу за гэтым людзі спрабавалі тлумачыць: "Ну, я не магу ў Вольскага ўсяго адну песню абраць, нават пры ўсім жаданні".





Андрэй Баброўка, гукарэжысёр гурта, вельмі "хварэе" за песню "Мала сказаць ненавіджу" на верш Пімена Панчанкі з "Белай яблыні грому".

Сярод улюбёных песень, акрамя вышэй згаданых, часта называліся даўнія "энэрмаўскія" хіты "Бывай", "Партызанская", "Краіна крывавых дажджоў", "Фабрыка", "Легкія", "Пакаленне", песні з сольных праектаў "Кура-Шчабятура", "Пахне чабор", "Гэй, наперад", "Простыя словы"Народнага альбому), мроеўскія "Зямля", "Шмат", узгадалі нават "Айчыну" з праекту Zet.

 

 

 

 

Скончыўся канцэрт бісам з хітоў усіх часоў "Госці", "Тры чарапахі", "Паветраны шар". Фанаты яшчэ доўга не разыходзіліся, а калі зразумелі, што трэцяга бісу не будзе – выстраіліся ў чаргу па аўтографы.

Атмасфера на канцэрце была настолькі сяброўскай і цёплай, што ў выніку нават "чалавек, падобны да чалавека ў цывільным" так разняволіўся, што не толькі спяваў песні Вольскага, а нават пайшоў да музыканта за аўтографам і распавёў, што вырас на яго песнях.

 

 

Нагадаем, што ў хуткім часе творчыя сустрэчы з Лявонам Вольскім адбудуцца ў Магілёве (30 чэрвеня) ды ў Гродне (1 ліпеня).

Фота: Еўрарадыё, Яўген Ерчак, Будзьма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі