Гарвыканкам дазволіў "ружовым чалавечкам" акцыю ў цэнтры Мінска

Славенскі тэатр Kud Ljud – вядомыя авантурысты. Аднойчы славенцы ўжо прывозілі ў Беларусь свой нашумелы спектакль INVASION падчас тэатральнага фестывалю "Белая вежа" ў Брэсце. У нашу сталіцу "ружовыя чалавечкі" рваліся ўжо даўно і нарэшце дабраліся да мінскіх вуліц.

Чаму вуліцы? Таму што тэатр Kud Ljud вядомы перш за ўсё сваімі вулічнымі пастаноўкамі. Да пачатку імпрэзы акцёры тры дні праводзілі майстар-класы і запрашалі да ўдзелу ў сваім спектаклі INVASION (Уварванне) усіх жадаючых. Як распавяла Еўрарадыё адна з удзельніц майстар-класу Аліса, на гэтых рэпетыцыях яны шмат чаму навучыліся.

Аліса: "Я выпадкова дазналася пра гэты майстар-клас, пазваніла і запісалася. Мы займаліся са славенскімі акцёрамі, нам паказвалі розныя прыёмы, як можна ўзаемадзейнічаць з публікай, як можна граць на публіку, імправізаваць. Гэта зусім не звычайна для нас, для нашай моладзі. Класна!"


Галоўныя героі спектакля INVASION – трое мужчын, з галавы да ног размалёваныя ружовай фарбай, якія нечакана з’яўляюцца ў розных месцах студэнцкага дворыка Акадэміі мастацтваў – на балконе інтэрната, на даху альтанкі, раптам з’яўляюцца сярод людзей, якія прыйшлі паглядзець імпрэзу. Спачатку яны нібыта вымаўляюць нейкія кодавыя словы, ці проста забаўляюцца, заміраюць ў незвычайных позах, углядаюцца ў твары гледачоў, а пасля ўсміхаюцца і пачынаюць абдымаць і цалаваць прысутных – нібыта заражаючы іх гэтым самым "ружовым вірусам".

 

 

 

Ад нечаканасці некаторыя з гледачоў проста не ведалі, як сябе паводзіць, і з візгатам разбягаліся ў розныя бакі дворыка, назіраючы адтуль за развіццём падзеяў. Тыя, хто паспеў паўдзельнічаць у майстар-класе і разумеў ідэю спектакля з самага пачатку, працягвалі тую ж самую "гульню", што і "ружовыя чалавечкі" – набліжаліся да гледачоў і, напрыклад, прапаноўвалі дакрануцца да іх, проста абдымаліся, ці бралі за руку. Настрой прысутных быў нечым падобны на ўсеагульную эйфарыю, а з суседняй вуліцы Сурганава падцягваліся ўсё новыя гледачы.

 

 

Лідар тэатра "ІнЖэст" Вячаслаў Іназемцаў, таксама ўдзельнік "Таго самага фестывалю" мяркуе, што хоць вулічны перформанс і вельмі старая традыцыя, у Беларусі такая практыка, на жаль, не распаўсюджаная.

Вячаслаў Іназемцаў: "Гэта добрая практыка – добры спектакль, добрая работа. Гэта вельмі распаўсюджаны накірунак вулічнага тэатра. Часта вулічны тэатр успрымаюць як форму звычайнага тэатра, калі ўсе гледачы арганізоўваюцца ў пэўным месцы. Калі ёсць сцэна ці плошча, а вакол – людзі, то бок ёсць канцэнтраваная ўвага і г.д. А вось такога плана – правакатыўны тэатр, перформанс – гэтага практычна няма. Хоць гэта і вельмі старая традыцыя, якая сыходзіць каранямі ў карнавальныя вытокі. Беларусі гэта вельмі цікава".

Прадстаўнік чэшскага незалежнага цэнтра мастацтва і адукацыі, якія даўно і шмат працуюць з незалежнымі і альтэрнатыўнымі тэатрамі, Раман Чэрнік падзяліўся сваімі назіраннямі.

Раман Чэрнік: "Мы ведаем гэты тэатр! І вуліцы – для нас гэта вельмі цікава! Мне вельмі падабаецца, але было б лепш, калі б яны выйшлі з гэтай замкнёнай прасторы студэнцкага дворыка і пайшлі па вуліцах".

Акцёры нібыта пачулі гэтыя словы і ўжо праз 3 хвіліны натоўп гледачоў кіраваўся за ружовымі чалавечкамі на праспект Незалежнасці … у гадзіну пік! Тое, што адбывалася далей, трэба было бачыць – акцёры спынялі машыны і садзіліся на капоты, залазілі на ліхтары і адтуль махалі машынам і пешаходам, абменьваліся абдымкамі ды пацалункамі, а затым спынілі звычайны скутар, запыталіся (спадзяемся) дазволу ў гаспадара, і ўкацілі на ім у бок плошчы Якуба Коласа.

 

 

 

Праз некаторы час, калі гаспадар скутара ўжо пачаў перажываць, "ружовыя чалавечкі" вярнуліся адразу на двух скутарах, весела размахваючы рукамі і пасылаючы паветраныя пацалункі кіроўцам машынаў, якія ехалі за імі следам.

Як высветлілася пазней, такое "самадурства" на вуліцах Мінска было узгодненае з выканкамамі, і тэатр атрымаў дазвол на правядзенне свайго перформансу. А наколькі магчыма арганізаваць падобны тэатр у Беларусі, стварыць для акцёраў прастору, калі яны могуць эксперыментаваць на вуліцы і быць упэўненымі, што іх не арыштуюць, пакуль казаць рана. Але, запэўнівае Вячаслаў Іназемцаў, заўжды трэба шукаць кампрамісы.

Вячаслаў Іназемцаў: "Правесці нешта падобнае можна толькі з улікам таго, што такія пастаноўкі будуць насіць дастаткова масавы характар, таму што проста эпізадычныя спробы будуць, вядома, спыняцца. Таму што такое мастацтва вельмі цяжка камуціруецца з усялякімі дазволамі выканкамаў і г.д. Іншая справа, калі можна знайсці нейкі кампраміс, калі ў цябе ёсць нейкі афіцыйны дах, як у іх, так званы "дах" фестывалю. Заўжды трэба шукаць кампрамісы – хоць і час ня просты".

Сутнасць такога перформанса-гульні вельмі простая: хочаш – праходзь міма, хочаш – уключайся, хочаш – выключайся – па меры магчымасцяў і жаданняў кожнага. Так, "ружовыя людзі" пакінулі неабыякавымі шматлікіх гледачоў і проста зявак, якія выпадкова апынуліся тым часам ля Акадэміі мастацтваў.

 

“Ды не! Гэта зусім не страшна! – распавядае адна з выпадковых удзельніц спектакля – Мне наадварот спадабалася! Было весела! Дастаткова нечакана і цікава назіраць за тым, як кожны з прысутных сябе паводзіць. Дагэтуль я нічога пра гэты тэатр не ведала, акрамя таго, што яны нешта вар’яцкае ствараюць, таму я проста прыйшла паглядзець, што ж яны ўсё ж такі робяць. О, клас! Я проста ў захапленні!  Таленавітыя і абсалютна адарваныя хлопцы!”

Сярод вядомых беларускай культурніцкай тусоўцы людзей у натоўпе быў заўважаны і мінскі псіхатэрапеўт, вядомы пад імем Гоша. Як дазналася Еўрарадыё, загадкавы Гоша старанна сочыць за спектаклямі "Таго самага фестывалю" і адзначае, што такія перформансы беларусам проста неабходныя.

 

Гоша: "Я думаю, што хлопцаў з Славеніі абавязкова трэба запрасіць у наш горад з доўгатэрміновай праграмай навучання мастацтву вулічнага тэатра, таму што гэта насамрэч мастацтва, і мастацтва неабходнае для нашай краіны. Выдатны фестываль! Самы лепшы тэатральны фестываль! Таму што ўсе астатнія – акадэмічныя і сумныя, а гэта – жыццё!"

Тым часам "Той самы фестываль" набліжаецца да свайго заканчэння. Апошні фестывальны дзень будзе прадстаўлены беларускімі спектаклямі. А госці з Чэхіі – прадстаўнікі незалежнага цэнтру мастацтва і адукацыі – спадзяюцца адабраць некалькі тэатраў для ўдзелу ў чэшскім тэатральным фестывалі.

Раман Чэрнік: "Мы не бачылі першы дзень фестывалю, таму што прыехалі пазней, і пакуль пабачылі толькі тры беларускія спектаклі. Але мы вельмі чакаем 2 наступныя дні, дзе будуць як раз прадстаўлены беларусы, таму што ў нашым горадзе ёсць вялікі інтэрнацыянальны фестываль, і ёсць магчымасць запрасіць туды і беларускія тэатры".




Фота: Цімафей Скібенка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі