Вы тут

"Раснафта": Лукашэнку проста прыціснулі, каб спыніць халяву

tass.ru

Да інфармацыйнай атакі на Беларусь падключыўся расійскі прапагандыст, прэс-сакратар "Раснафты" Міхаіл Лявонцьеў. Ён пракаментаваў увядзенне Беларуссю экалагічнага падатку на транзіт нафты і расказаў, як Расія цісне на Беларусь.

На думку Лявонцьева, Аляксандр Лукашэнка ўвёў падатак як адказ на нежаданне Расіі пастаўляць у Беларусь танную нафту, якую Мінск раней рээкспартаваў. "Яму [Аляксандру Лукашэнку. — Еўрарадыё], як вядома, выстаўляюць ўмовы — калі вы хочаце мець прэферэнцыі, дык давайце займацца інтэграцыяй [...] На гэты раз Расія заняла вельмі жорсткую пазіцыю: любыя прэферэнцыі будуць магчымыя, калі будуць выконвацца ўмовы Саюзнай дамовы", — заявіў прэс-сакратар "Раснафты" ў інтэрв'ю "Комсомольской правде".

Лявонцьеў кажа, што цяпер Лукашэнку "проста прыціснулі". "Гэта старая тэма, якую ўжо шмат гадоў агучваў і наш прэзідэнт: спыніць халяву. Беларусь выконвае сваю ролю як ваенна-палітычны саюзнік. Калі казаць пра параметры інтэграцыі, прадугледжаныя Саюзнай дамовай, тут нічога не робіцца. Ад нас патрабуюць пастаянных прэферэнцый, датацый за рыторыку. Мы плацім ім за дэмагогію", — канстатуе ён.

Цяпер жа, па словах прэс-сакратара "Раснафты", "расійская ўлада настроена жорстка". Калі Мінск хоча прэферэнцый, якія выходзяць за рамкі супрацоўніцтва дзвюх незалежных дзяржаў, хоча, каб яго ўтрымлівалі, яму прапаноўваюць ісці на інтэграцыю, сказаў Лявонцьеў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.