Расійскіх дэсантнікаў узялі ў палон, калі іх камандзір узвода ўцёк (відэа)

Нагадаем, што ў панядзелак у Амвросіеўскім раёне Данецкай вобласці сумесная аператыўная група Узброеных Сіл Украіны і СБУ затрымала дзесяць вайскоўцаў 331-га палка 98-й Свірскай дывізіі Паветрана-дэсантных войскаў Узброеных сіл РФ (в/ч 71211, дыслакуецца ў Іванава). Салдаты здаліся ў палон, калі іх акружылі. 

Затрыманыя паведамілі, што батальён дэсантнікаў 23 жніўня быў перадыслакаваны чыгуначным транспартам у Растоўскую вобласць Расіі. А каля трох гадзін ночы 24 жніўня падраздзяленне паднялі па трывозе і загадалі ісці маршам у складзе калоны з некалькіх дзесяткаў БМД. Толькі афіцэрам паведамілі, што расійская тэхніка ідзе на тэрыторыю Украіны. 

Па звестках Мінабароны Украіны, у склад групы ўваходзілі артылерыйскі дывізіён, разведрота і падраздзяленні забеспячэння агульнай колькасцю 350-400 чалавек, каля 30 баявых машын дэсанту, 18 артылерыйскіх установак Нона ды іншыя аўтатранспартныя сродкі агульнай колькасцю да 60 адзінак. Затрыманыя былі апранутыя ў ваенную форму расійскага ўзору, без знакаў адрознення, маскіровачныя халаты. На тэхніцы апазнавальныя знакі зафарбаваныя зялёным колерам, замест іх нанесеныя белыя кругі, перадае liga.net

Вайскоўцам паведамілі пра пачатак батальённых тактычных вучэнняў. Група перайшла мяжу і ішла на Ілавайск. Дзве бронемашыны адсталі ад групы, адна з іх была знішчана. Камандзір узвода старшы лейтэнант Міхаіл Міленка з месца здарэння ўцёк, пакінуўшы падначаленых. Яны вырашылі прабівацца да сваіх, але праз нейкі час трапілі ў акружэнне і былі вымушаныя без бою здацца. 

СБУ апублікавала фатаграфіі дзесяці палонных з імёнамі. У сацсетках знайшлася дадатковая інфармацыя па сямі дэсантніках. 

Фота — liga.net