Расійскае войска 23 сакавіка пакінула Новую Кахоўку, паведамляе ў сваёй вечаровай зводцы Генштаб Узброеных сіл Украіны.
"Па стане на 22 сакавіка 2023 года ўсе падраздзяленні арміі акупанта, якія былі размешчаны ў населеным пункце Новая Кахоўка Херсонскай вобласці пакінулі горад", — гаворыцца ў паведамленні.
Ппа звестках украінскіх вайскоўцаў, перад адступленнем расіяне рабавалі мірнае насельніцтва: "Акупанты "канфіскоўвалі" ў цывільнага насельніцтва ў вялікіх колькасцях бытавую і электронную тэхніку, каштоўнасці, элементы адзення і мабільныя тэлефоны".
Новая Кахоўка — райцэнтр у Херсонскай вобласці, які быў акупаваны ў першыя дні вайны. Тут размяшчаюцца Кахоўская ГЭС і гідратэхнічныя збудаванні Паўночнакрымскага канала, які пастаўляе ваду з Дняпра ў Крым.
Расійскае вайсковае камандаванне не паведамляе пра тое, што іх вайскоўцы пакінулі горад.
Пазней украінскі Генштаб абверг паведамленне пра адыход расіян і патлумачыў яго "некарэктным выкарыстаннем наяўных даных".