Расія забараніла пастаўкі "Бабушкиной крынки" і Магілёўскага мясакамбіната
![Расія забараніла пастаўкі "Бабушкиной крынки" і Магілёўскага мясакамбіната](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/krynka-3003-2.jpg.webp?itok=HezWJ19x)
Прадукцыя "Бабушкиной крынки" і Магілёўскага мясакамбіната часова забароненая да ўвозу ў Расію з 30 сакавіка. Адпаведнае рашэнне абнародаванае на сайце Рассельгаснагляду.
У каментары парталу tut.by супрацоўнікі "Бабушкиной крынки" паведамілі, быццам расійскія спецыялісты выявілі дзве неадпаведнасці па сырах, а ўвялі забарону на пастаўкі ўсёй прадукцыі. Прычына беларускія вытворцы не ведаюць.
Раней паведамлялася, што Рассельгаснагляд выявіў у сырах "Бабушкиной крынки" кансервант натаміцын, а ў ялавічыне Магілёўскага мясакамбіната — лістэрыі.
Акрамя таго, 12 беларускіх прадпрыемстваў пераведзеныя "на ўзмоцнены лабараторны кантроль". У спіс трапілі "Скідзельская птушкафабрыка", ААТ "Брэсцкі мясакамбінат", ААТ "Гродзенскі мясакамбінат", СП ТАА "Леор-Пластык", ААТ "Лідскі ветсанутыльзавод", ААТ "Лепельскі малочна-кансервавы камбінат", ЧУПТП "Мірон", ААТ "Маладзечанскі малочны камбінат", ААТ "Мсціслаўскае райпо", "Мёрскі мясакамбінат", ААТ "Салігорская птушкафабрыка" і "Століннарыхтпрамгандаль".
![Расія забараніла пастаўкі "Бабушкиной крынки" і Магілёўскага мясакамбіната](/sites/default/files/paragraphs/image/krynka-3003.jpg)