Расіяне наступаюць на Бахмут і Славянск, УСУ — на поўдні. 133-я раніца вайны

Наступствы абстрэлу Мікалаева 5 ліпеня 2022 года / ДСНС Мікалаеўскай вобласці Украіны
Наступствы абстрэлу Мікалаева 5 ліпеня 2022 года / ДСНС Мікалаеўскай вобласці Украіны

Пасля захопу Лісічанска, апошняга буйнога горада Луганскай вобласці, расіяне нацэліліся на Данецкую вобласць. Яны наступаюць на Бахмут і Славянск. Украінцы, тым часам, трохі прасунуліся ў Херсонскай вобласці. Гэта адзначаюць у сваёй чарговай справаздачы эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны.

Сітуацыю ў раёне Славянска ў Генштабе УСУ апісваюць так: ўкраінскія вайскоўцы "адбілі штурм ворага і адкінулі акупантаў ў раёне населенага пункта Даліна" — гэта на мяжы Харкаўскай і Данецкай абласцей. Але "праціўнік вядзе штурмавыя дзеянні каля [суседняй] Мазанаўкі, баі працягваюцца".

На Бахмуцкім кірунку, адзначаюць у Генштабе, расійскія войскі вялі актыўныя абстрэлы, нанеслі авіяўдар у раёне Угледарскай ЦЭС.

Акрамя таго, расійскія падраздзяленні спрабавалі арганізаваць наступ і ў раёне Харкава, але няўдала. І Харкаў, і суседнія раёны зараз пастаянна знаходзяцца пад інтэнсіўным артылерыйскім і паветраным ударам. Мінулай ноччу ў Харкаве зноў гучалі выбухі.

УСУ са свайго боку здолелі адбіць напад расійскага атрада каля вёскі Лазавое ў Херсонскай вобласці. "Гэта кажа, што ўкраінскія сілы, па ўсёй верагоднасці, зноў заваявалі плацдарм у Лазовым", — пішуць у сувязі з гэтым эксперты Інстытута вывучэння вайны. І хоць дакладнай інфармацыі няма, "хто менавіта кантралюе тэрыторыю каля Лазовага і Давідава броду, украінскія сілы, па ўсёй верагоднасці, здолелі трохі прасунуцца ў гэтым раёне", — адзначаюць эксперты.

У Інстытуце таксама падкрэсліваюць, што, "нягледзячы на расійскія вайсковыя няўдачы і рыторыку, якая намякае на скарачэнне вайсковых мэтаў пасля гэтых паразаў", у Маскве захоўваюць заяўленыя мэты гэтай вайны — гэта змена палітычнага рэжыму ва Украіне і захоп тэрыторый за межамі Данбаса.

Россияне наступают на Бахмут и Славянск, ВСУ — на юге. 133-е утро войны
Карта баявых дзеянняў / understandingwar.org

У баях за Лісічанск загінуў беларус камандзір батальёна " Волат "палка Каліноўскага Іван Марчук (пазыўны — "Брэст"). Яму было 28 гадоў. Падраздзяленне Марчука брало ўдзел у стрымліванні танкавага прарыву расіян.

"Накрылі ўсім, акрамя ядзернай зброі. "Брэста" сур'ёзна параніла ў нагу і галаву", — распавядалі сведкі. Акрамя Марчука з бою не вярнуліся яшчэ пяць чалавек. Іх шукаюць. Вядома, што адзін з байцоў — Ян Дзюбейка з пазыўным "Тромбли" — апынуўся ў палоне.

Расіяне панеслі значныя страты ў баях на тэрыторыі Луганскай вобласці, сцвярджае кіраўнік мясцовай вайсковай арганізацыі Сяргей Гайдай.

"Расіяне нясуць шмат страт, бальніцы на акупаваных тэрыторыях перапоўненыя. у апошнія дні ўкраінскія абаронцы плённа знішчаюць склады [расійскіх] боепрыпасаў у глыбокім тыле. Гэта запавольвае дзеянні суперніка на полі бою", — сказаў ён.

Россияне наступают на Бахмут и Славянск, ВСУ — на юге. 133-е утро войны
Разбурэнні ў Луганскай вобласці / @luhanskaVTSA

Тым часам еўрапейскія дзяржавы заяўляюць аб новай дапамозе для Украіны. Францыя заявіла пра намер дапамагчы з аднаўленнем Чарнігаўскай вобласці. Пра гэта паведамляе "Громадське" са спасылкай на заяву Міністэрства замежных спраў Францыі. Заява была зроблена на канферэнцыі па пытаннях аднаўлення Украіны, якая прайшла ў Швейцарыі.

"Горад Чарнігаў усталяваў даўнія сувязі з Францыяй. Гэтыя намаганні дапоўняць гуманітарную, эканамічную, фінансавую, дыпламатычную і ваенную дапамогу, якую Францыя аказвае Украіне з 24 лютага. Яна будзе выконваць сваю адданасць столькі, колькі спатрэбіцца" , — адзначылі французскія дыпламаты.

А прэм'ер-міністра Літвы Інгрыда Шыманэтэ заявіла, што яе краіна выдзеліць Нацыянальнаму банку Украіны дадатковыя сродкі для правядзення тэрміновых аднаўленчых работ. Гаворка ідзе аб 10 мільёнах еўра.

"Мы павінны працягваць і паскараць ваенную, гуманітарную і фінансавую дапамогу, каб Украіна хутчэй выйграла гэтую вайну",цытуе прэм'ера агенцтва Delfi.

Шыманэтэ таксама заклікала Еўрапейскі Саюз і іншыя краіны, якія ўвялі санкцыі, стварыць прававы механізм канфіскацыі расійскіх актываў і "зрабіць санкцыі сапраўды эфектыўнымі".

"Мы не можам уваскрэсіць людзей, забітых Расіяй, але ў нас ёсць рэальны шанец прымусіць агрэсараў выплаціць рэпарацыі. Хоць бы таму, што гэтыя грошы захоўваюцца ў нашых банках і прышвартаваныя да нашых прычалаў", — адзначыла яна.

Reuters тым часам паведамляе пра тое, што расіяне захапілі два замежных судна ў Марыупалі. Паводле звестак агенцтва, захопнікі заявілі, што караблі цяпер з'яўляюцца "дзяржаўнай уласнасцю". Заява прагучала ад імя "Міністэрства замежных спраў ДНР".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі