Расатам замовіў экспертызу Астравецкай АЭС сам сабе

Расатам замовіў экспертызу Астравецкай АЭС сам сабе

Стрэс-тэсты на будаўнічай пляцоўцы будуць праводзіцца да 10 верасня, усе працы каштуюць больш за 200 тысяч еўра.

Вынікі абяцаюць паказаць беларусам і літоўцам. Разбіраемся, што ўсё гэта значыць.

 

Што такое стрэс-тэст

Стрэс-тэставанне — тэрмін не толькі з атамнай энергетыкі, ён пашыранае паўсюль, нават у медыцыне і эканоміцы, не кажучы пра архітэктуру. Калі простай мовай, гэта выпрабоўванне канструкцый нагрузкамі, з якімі ў рэальнай сітуацыі яна наўрад ці сутыкнецца. У дачыненні да Астравецкай АЭС гэта мадэляванне землятрусу альбо атакі авіялайнерам. Накшталт той, якая адбылася ў Нью-Ёрку 11 верасня 2001 года. Вядома, тэсты у асноўным тэарэтычныя — сапраўдны самалёт аб АЭС ніхто разбіваць не збіраецца. Выпрабаванні адбываюцца на паперы і з дапамогай дакладнага абсталявання і прыбораў. Афіцыйна ўсё гэта называецца "Праектна-пошукавыя работы па ўзвядзенні і мадэрнізацыі атамных станцый: мэтавая пераацэнка бяспекі (стрэс-тэсты) Беларускай АЭС".

 

Хто яго замаўляе, Беларусь?

Не, замоўца — Расатам, які будуе нам станцыю. Дакладней, Акцыянернае таварыства "Ніжагародская інжынірынгавая кампанія "Атамэнергапраект". Яна ўваходзіць у структуру дзяржаўнай карпарацыі "Расатам".

 

Хто будзе праводзіць даследаванні?

Акцыянернае таварыства "Навукова-даследчы і праектна-канструктарскі інстытут энергетычных тэхналогій "Атампраект". Так пазначана ў тэндары, размешчаным на сайце з адрасам zakupki.rosatom.ru. Пры гэтым слова "тэндар" не зусім адпавядае рэчаіснасці, таму што Атампраект — "адзіны пастаўшчык" такой паслугі.

 

Іншых выканаўцаў стрэс-тэстаў для АЭС не існуе?

У Беларусі і Расіі — так, больш няма. А вось за мяжой існуюць. Стрэс-тэсты на АЭС пачалі масава праводзіць ва ўсім свеце пасля аварыі на Фукусіме. Тады атамная станцыя была часткова пашкоджаная ў выніку землятрусу і цунамі, што прывяло да катастрофы. У Расатаме гавораць, што плануюць прыцягнуць да стрэс-тэстаў Астравецкай АЭС замежных спецыялістаў, аднак не называюць, прадстаўнікоў якой менавіта кампаніі.

 

Колькі гэта каштуе?

На тым жа сайце з незвычайным тэндарам пазначаны яго кошт — 15 мільёнаў 340 тысяч расійскіх рублёў. На сёння гэта больш за 200 тысяч долараў. Аднак у рэальнасці аб нейкіх выдатках расійскага боку гаварыць даволі складана — грошы з адной структуры Расатама пяройдуць у другую.

 

Навошта ўсё гэта?

Паводле версіі Расатама, для выпрабавання канструкцыі Астравецкай АЭС на трываласць у адпаведнасці з сусветнымі нормамі. А паводле альтэрнатыўнай — для піяру, хай сабе і не зусім таннага. "Гэта не стрэс-тэст, гэта ўнутраная праверка. Нават не праверка. Гэта незразумела як можна назваць. Ва ўсім свеце такім займаюцца незалежныя структуры. А тут усяго 10 дзён. За 10 дзён нават немагчыма паспець прагледзець усе дакументы. Гэта нерэальна", — гаворыць маскоўскі інжынер-фізік Андрэй Ажароўскі.

 

Што гавораць у самім Расатаме?

Нічога. Амаль нічога. Пытанні пра прысутнасць незалежных экспертаў падчас стрэс-тэстаў і характар выпрабаванняў там выслухалі і папрасілі выслаць іх у пісьмовай форме. Паабяцалі адказаць у "найбліжэйшы час".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі