Ракетны абстрэл Адэсы, шмат загінулых — 128-я раніца вайны ва Украіне

Адна з выпушчаных па Адэсе ракет трапіла ў шматпавярховы дом / @dsns_telegram
Адна з выпушчаных па Адэсе ракет трапіла ў шматпавярховы дом / @dsns_telegram

Расія абстраляла сёння ноччу Адэсу. Адна з ракет трапіла ў дзевяціпавярховы дом, яшчэ адна — ў базу адпачынку. Ужо вядома аб 18 загінуўшых і больш за 30 параненых. Гэта дадзеныя Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях Украіны.

16 чалавек загінулі пры трапленні ракеты ў шматпавярхоўку. Сярод загінулых трое дзяцей. Яшчэ адно дзіця загінула падчас ракетнага абстрэлу базы адпачынку. УНІАН піша, што вобласць атакавалі з расійскіх самалётаў стратэгічнай авіяцыі Ту-22 трыма ракетамі Х-22.

Раніцай 1 ліпеня серыя выбухаў прагрымела і ў Мікалаеве. Інфармацыю пацвердзіў мэр горада Аляксандр Сянкевіч. Па дадзеных Telegram-канала "Суспільне Миколаїв", за 25 хвілін у Мікалаеве прагучала, як мінімум, дзесяць выбухаў.

На Данбасе расіяне атакуюць Лісічанскі НПЗ, ужо захапілі яго частку і знішчаюць дом за домам у горадзе. Аб гэтым піша раніцай у пятніцу кіраўнік Луганскай вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

"Жыхары Лісічанска амаль кругласутачна знаходзяцца ў падвалах і дамах. Абстрэлы горада вельмі шчыльныя. Шмат узгаранняў жылога фонду і інфраструктурных аб'ектаў", — распавядае ён. Ад магутнага агню расіян за апошнія суткі пацярпелі таксама Белагораўка і Ваўчаяраўка. Пры гэтым, па словах Гайдая, расіяне пакуль не змаглі захапіць аўтадарогу, якая забяспечвае сувязь з Бахмутам.

"Расійскія войскі дамагліся абмежаваных поспехаў на Лісічанскім нафтаперапрацоўчым заводзе і вакол Лісічанска", гаворыцца ў свежай справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны.

Адначасова расійскія войскі вялі наступальныя аперацыі на поўдні і ўсходзе ад Бахмута і на поўначы ад Славянска, а таксама працягвалі спробы аднавіць кантроль над населенымі пунктамі на поўначы ад Харкава. На поўдні занятыя пераважна абаронай — украінскія падраздзяленні праводзяць тут контрнаступленне.

Ракетный обстрел Одессы, много погибших и раненых — 128-е утро войны в Украине
Карта баявых дзеянняў / understandingwar.org

Эксперты Інстытута адзначаюць, што "параза Расіі на востраве Змяіны аслабіць некаторы ціск ля ўзбярэжжа Украіны", але само па сабе адступленне "не пакладзе канец марской блакадзе, паколькі расійскія войскі маюць доступ да супрацькарабельных сістэм наземнага базавання ў Крыме і заходняй частцы Херсонскай вобласці". Гэтыя сістэмы ўсё яшчэ могуць быць нацэлены на ўкраінскія грузы. Нагадаем, учора расіяне пакінулі востраў.

Тым часам украінскія вайскоўцы распавялі падрабязнасці экстранай эвакуацыі расіян з вострава. Паводле звестак украінскага аператыўнага камандавання "Поўдзень", "расіяне знішчылі вайсковую тэхніку, дакументацыю і маёмасць". Там не выключаюць, што мясцовасць, прычал і навакольныя воды каля вострава могуць быць замінаваныя.

Пры гэтым у АК "Поўдзень" заявілі, што пры атацы на востраў УСУ знішчылі расійскі зенітны ракетны комплекс "Тор", адзін з малых катэраў, прычэп з дызельным генератарам і палявы склад боепрыпасаў. А самі расіяне пры адступленні ўзарвалі транспартную зарадку да ЗРК "Тор" і рэактыўную сістэму залпавага агню "Тарнада-Г".

Ракетный обстрел Одессы, много погибших и раненых — 128-е утро войны в Украине
Востраў Змяіны / facebook.com/okPivden

Францыя перадасць Украіне яшчэ 6 самаходных артылерыйскіх установак (САУ) новага пакалення Caesar і "значную колькасць бронетэхнікі". Пра гэта напісаў у Twitter прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон. Ён таксама падкрэсліў, што NATO, ЕС і G7 аднагалосна вырашылі ўзмацніць эканамічную, гуманітарную і ваенную падтрымку Украіны. "Саюзнікі выконваюць свае абавязацельствы", — падкрэсліў Макрон.

У Харкаве не будуць пераназываць вуліцу Пушкінскую і аднайменную станцыю метро. Пра гэта журналістам распавёў мэр горада Ігар Церахаў.

"У чым вінаваты Пушкін, што нарадзіўся Пуцін? Тым больш Пушкін — сусветна вядомы паэт, гэтак жа як і Лермантаў. Ёсць і іншыя выбітныя паэты, пісьменнікі, мастакі. Не трэба ўсіх пад адзін капыл... ", цытуе Церахава агенцтва УНІАН. Ён сказаў, што і вуліца Пушкіна, і аднайменная вуліца метро — хай застануцца.

Больш за 5,5 мільёна украінцаў, якія з пачатку вайны вымушаныя былі бегчы ў больш бяспечныя рэгіёны краіны, вярнуліся дадому. Але пакуль людзі вяртаюцца ў асноўным на поўнач краіны і ў Кіеў. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы па выніках апытання міжнароднай арганізацыі па міграцыі (МАМ).

У апошні месяц колькасць людзей, якія вяртаюцца дадому, значна вырасла. Пры гэтым амаль 15% тых, хто вярнуліся, распавялі, што іх дамы былі пашкоджаны ў выніку баявых дзеянняў.

Тым часам дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч пракаментаваў размовы аб магчымым уступленні Беларусі ў вайну.

"У гэтую нядзелю " ...беларусы 100 % пойдуць у наступ". Гэта ўжо сёмы раз, калі яны ідуць у наступ, і адзінаццатыя сто адсоткаў. Аб восьмым і дванаццатым разе мы паведамім дадаткова. Сачыце за сігналамі дакладнага часу", — напісаў ён у Twitter.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі