Вы тут

Пуцін губляе салдат у расах: ці знікне Маскоўскі патрыярхат з Украіны

Пуцін абараняе "рускі свет" разбурэннем цэркваў, у тым ліку і тых, якія падпарадкаваныя Маскоўскаму патрыярхату. Разбураная Узнясенская царква ў сяле Лукашоўка / Андрэй Новікаў​ / hromadske

За два месяцы поўнамаштабнай вайны Украінская праваслаўная царква, якая ёсць часткай рускай царквы, страціла больш за сотню прыходаў. Размова не толькі пра разбураныя храмы, але і пра актыўны працэс пераходу ў Праваслаўную царкву Украіны.

Расійскае ўварванне і масавыя забойствы мірных жыхароў толькі паспрыялі адмове святароў і суполак ад якіх-небудзь юрыдычных сувязяў з Расіяй.

Цяпер вядома пра пераход у ПЦУ 134 прыходаў. Частка з іх перайшлі толькі суполкай, без настаяцеляў — тыя не падтрымалі рашэнне большасці прыхаджан. Для параўнання: праз паўгода пасля Аб'яднальнага сабору ў снежні 2018 года з УПЦ МП у ПЦУ перайшло каля паўтысячы прыходаў. Потым гэты працэс фактычна спыніўся: з траўня 2019-га да лютага 2022 года да ПЦУ далучыліся толькі тры дзясяткі храмаў Маскоўскага патрыярхату.

hromadske пабывала ў горадзе Чырванаградзе ў Львоўскай вобласці і пагутарыла з айцом Ігарам Дзеркачом. Ён сам ініцыяваў пераход свайго прыходу ў ПЦУ. Чаму ён не зрабіў гэтага раней і ці лічыць ён сваю ранейшую царкву інструментам у руках ворага — у матэрыяле нашых украінскіх калег.

Разбураная Узнясенская царква Маскоўскага патрыярхату ў вёсцы Лукашоўка, 22 красавіка 2022 года / Андрэй Новікаў / hromadske

Ператрусы ў храмах

У першыя тыдні вялікай вайны да 38-гадовага настаяцеля Свята-Пакроўскага храма Ігара Дзеркача прыйшлі супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны.

"Яны прыйшлі ў храм з аўтаматам. Хоць нельга са зброяй заходзіць. Казалі, што гэта праверка храмаў. На пытанне, ці ёсць у нас зброя, кажу: так, ёсць. Вось на прастоле Евангелле — гэта адна зброя, крыж ляжыць — другая зброя. Гэта ўся мая зброя. Я не крыўдзіўся і не баяўся, бо мне няма чаго баяцца. Я ім сказаў, што хоць кожную нядзелю прыходзьце", — расказвае святар.

У пачатку вайны праверкі храмаў УПЦ МП праходзілі масава. У сацыяльных сетках распаўсюджвалася інфармацыя пра знойдзеную ў цэрквах зброю і боепрыпасы. Аднак пасля і паліцыя, і само царкоўнае кіраўніцтва гэтыя паведамленні абверглі.

У той жа час яшчэ за чатыры гады да поўнамаштабнага ўварвання Расіі СБУ знаходзіла зброю ў запарожскай арганізацыі, звязанай з УПЦ МП.

Акрамя таго, за два месяцы вайны было ўжо некалькі афіцыйных паведамленняў пра затрыманых святароў УПЦ МП у Кіеве і Севераданецку. Яны перапісваліся з расійскімі спецслужбамі або вайскоўцамі і перадавалі інфармацыю пра дыслакацыю ўкраінскіх войскаў або каардынаты блокпастоў.

"Асабіста я не ведаю такіх, хто дапамагаў бы ворагу. Але калі ў сям'і дзесяць дзяцей і адно дзіця неўладкаванае, нядобрае, гэта не значыць, што ўсе астатнія дзевяць дзяцей дрэнныя", — адказвае Ігар Дзяркач на пытанне пра выкарыстанне Расіяй прадстаўнікоў УПЦ МП у вайне супраць Украіны.

Далучэнне да ПЦУ 

"Восем гадоў ідзе задушэнне і вынішчэнне людзей на Данбасе; восем гадоў пакут, і ўвесь свет маўчыць — што гэта значыць?" — заявіў кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы Кірыл. Пасля ён блаславіў расійскае войска на "спецаперацыю".

Кірыл фактычна паўтарыў тэзісы Пуціна. І для святара з украінскага мястэчка, падначаленага Кірыла, гэта аказалася за мяжой дабра і зла. 17 сакавіка прыход Свята-Пакроўскага храма ў Чырванаградзе афіцыйна перайшоў у Праваслаўную царкву Украіны. Гэта ініцыяваў сам айцец Ігар, і ён запэўнівае: візіт СБУ тут ні пры чым.

"Апошняя кропля — гэта калі патрыярх Кірыл пачаў шмат казаць лішняга супраць украінскага народа і дабраслаўляць на вайну", — кажа святар.

На пытанне, чаму ён раней не адважваўся разарваць адносіны з царквой, якую ўзначальвае адыёзны і адданы Пуціну Кірыл, айцу Ігару адказваць псіхалагічна складана. Ён часта робіць паўзы.

"Ну, мяне раней мог хтосьці папракнуць, чаму я не пераходжу — што гэта маскоўская царква, што яна дае грошы на Маскву ці фінансуецца з Масквы. Але мне Масква нічога не давала, і я на Маскву нічога не даваў. І калі хтосьці даваў гэтыя грошы, то я за гэтыя грошы не адказваю. Я заўсёды казаў, што мы — украінцы, я ва Украіне народжаны, у мяне ўкраінскі пашпарт, і я люблю сваю зямлю. Мы тут заўсёды маліліся за прэзідэнта, за ўрад, за ўкраінскі народ і за ўкраінскае войска. І я ніколі не апраўдваў ні расіян, ні прэзідэнта Расіі, таму што гэта сапраўды вайна і гэта злачынства супраць украінскага народа".

На ўдакладняльнае пытанне, ці пачалася вайна цяпер ці восем гадоў таму і ці не хацеў ён яшчэ тады пакінуць УПЦ МП, айцец Ігар зноў робіць паўзу і няўпэўнена дадае:

"Але чаму ў нас яе афіцыйна называлі не вайной, а АТА? Толькі цяпер сталі называць вайной. Хоць фактычна вайна пачалася яшчэ восем гадоў таму".

Свята-Пакроўскі храм у Чырванаградзе / Аляксандр Ферэнс / hromadske

"Мы не былі рускай царквой!"

Прыхаджане храма не такія прынцыповыя, як настаяцель. Для іх адлучэнне ад рускай царквы не было прынцыповым.

"Гэта ўсё пытанні да айца, таму што мы проста за айцом. Ведаеце, ёсць статак, а ёсць пастыр", — кідае на бягу мужчына сярэдняга ўзросту і адмаўляецца гаварыць далей.

"Падтрымалі, таму што дзявацца не было куды. Сказалі перайсці, і ўсё", — кажа яшчэ адзін прыхаджанін. І дадае, што ён не супраць, "бачыце, якая сітуацыя". Відавочна, маючы на ўвазе вайну.

"Я ў палітыку не гуляю", — гэта ўжо прыхаджанка пенсійнага ўзросту. На ўдакладненне, ці прынцыпова ёй, каму падпарадкоўвацца, у тым ліку і рускай царквы, рэзка адказвае: "Ды няма цяпер [ва Украіне. — Рэд.] рускіх цэркваў. Якія рускія, вы што?!"

"Наша царква і раней была ўкраінская, яна не была руская!" — умешваецца іншая жанчына.

"Дык навошта было тады пераходзіць, калі яна была ўкраінская?" — пытаюся ў яе.

"Я не ведаю, каму гэта было трэба. Мы ўвесь час былі ўкраінцамі і будзем украінцамі", — адказвае жанчына.

Свята-Пакроўскі храм у ваколіцах Чырванаграда / upc.lviv.ua

"Былі такія часы, што было як было, а цяпер надышоў такі момант добры. І дзякуй богу, што мы перайшлі. Таму што бачыце, што [вайна], нават калі хтосьці не хацеў раней, то зараз усе пяройдуць", — усміхаючыся, кажа жанчына, прыхаджанка Свята-Пакроўскага храма яшчэ з 1990-х гадоў. Дадае, што перамен пасля пераходу ў ПЦУ яна не адчула, таму што і "святар той самы, і набажэнства такое самае".

Айцец Ігар Дзяркач кажа, што заўсёды служыў літургію на ўкраінскай мове, а не на царкоўнаславянскай, як гэта прынята ў храмах УПЦ МП. Таксама ён запэўнівае, што яшчэ задоўга да поўнамаштабнай вайны перастаў памінаць патрыярха Кірыла. У той жа час ён супраць поўнай забароны УПЦ МП ва Украіне:

"Так можна шмат цэркваў пазабараняць. Існуюць розныя секты, але я ж не іду і не забараняю. Калі будзе забарона, будзе яшчэ больш варожасці. Бо не можа быць некалькі аўтакефальных цэркваў у адной дзяржаве. Мы павінны зрабіць усё, каб скончылася вайна, а потым вырашаць і прымаць адпаведныя законы".

Вырачыся Кірыла. Ці будзе аўтакефалія выйсцем?

З пачаткам вайны ў многіх храмах УПЦ МП перасталі маліцца за кіраўніка РПЦ Кірыла.

"Многія святары і нават епіскапы перасталі памінаць патрыярха Кірыла. Прынамсі 15 епархій з 53 заявілі пра спыненне памінання. Тое, што робіць патрыярх, — гэта ягоны асабісты грэх", — заявіў у каментары "Радыё Свабода" прадстаўнік УПЦ МП протаіерэй Мікалай Данілевіч.

У першы ж тыдзень поўнамаштабнай вайны разарваць усе юрыдычныя адносіны з рускай царквой адкрыта заклікалі сем святароў УПЦ МП.

"Мы лічылі вас [патрыярха РПЦ Кірыла. — Рэд.] бацькам, а вы аказаліся горшым за айчыма. Бог вам суддзя. Я звяртаюся да свайго настаяцеля, Блажэннага мітрапаліта Ануфрыя з просьбай ініцыяваць скліканне памеснага сабора УПЦ, на якім падняць пытанне пра недарэчнасць знаходжання ў складзе Маскоўскага патрыярхату і змену кананічнага статусу нашай царквы", — заявіў, у прыватнасці, Пётр Семашчук, настаяцель кіеўскага храма Фёдара Асвячонага.

Сам кіраўнік УПЦ МП Ануфрый пакуль не выказаў свайго меркавання пра магчымасць і мэтазгоднасць скасавання адносін з РПЦ. Ён толькі прасіў Пуціна спыніць вайну, параўнаўшы яе з грахом Каіна, "які з зайздрасці забіў свайго роднага брата", чарговы раз адзначыўшы, што мы ёсць "брацкія народы".

Для вызначэння будучыні Украінскай праваслаўнай царквы і магчымай змены юрысдыкцыі трэба склікаць сабор, гэта значыць сход царкоўнага кіраўніцтва. Па словах спікера УПЦ МП Мікалая Данілевіча, пакуль працягваюцца баявыя дзеянні, гэта немагчыма.

Ці адважыцца кіраўніцтва УПЦ МП на поўнае аддзяленне ад РПЦ і абвяшчэнне аўтаноміі або аўтакефаліі?

"Ім лепш перайсці ў ПЦУ. Таму што з аўтакефаліяй яны аказваюцца ў тым самым становішчы, у якім мы былі да 2018 года", — заўважыў мітрапаліт Львоўскі і Сакальскі ПЦУ Дзімітрый.

Нагадаем, што папярэдніца Праваслаўнай царквы Украіны — Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату — таксама паўстала з жадання абвясціць незалежнасць украінскага праваслаўя ад Рускай праваслаўнай царквы. Пры гэтым яна не мела кананічнага статусу.

І толькі праз дваццаць шэсць гадоў Усяленскі патрыярх Варфаламей уручыў томас аб аўтакефаліі толькі што створанай Праваслаўнай царкве Украіны.

"Такая аўтакефальная УПЦ будзе ў поўнай міжнароднай ізаляцыі, накшталт той, у якой яшчэ нядаўна была УПЦ Кіеўскага патрыярхату. А да Усяленскага патрыярха па томас гэтая царква звярнуцца не зможа, паколькі, згодна з канонамі, аднаму народу два томасы не выдаюцца", — тлумачыць Аляксандр Саган, кіраўнік аддзела рэлігіязнаўства Інстытута філасофіі НАН Украіны.

Храм Яраслава Мудрага на Беразняках, які адмовіўся ад Маскоўскага патрыярхату / фэйсбук Храма Яраслава Мудрага

Чаго чакае ўсход Украіны

УПЦ МП з больш чым 12 тысячамі прыходаў — самая вялікая царква ва Украіне. У ПЦУ каля 7 тысяч прыходаў.

Аднак у ПЦУ больш вернікаў. Сацыялагічныя даследаванні паказваюць: на сярэдзіну 2021 года 39% праваслаўных украінцаў лічылі сябе прыхаджанамі Праваслаўнай царквы Украіны, і толькі 16% назваліся прыхаджанамі УПЦ МП.

Паказальна, што колькасць прыходаў УПЦ МП з пачатку вайны ў 2014-м павялічылася амаль на паўтысячы. Што ўжо абвяргае абвінавачанні з боку расійскіх прапагандыстаў пра пераслед ва Украіне цэркваў Маскоўскага патрыярхату.

За 3,5 года з моманту стварэння аўтакефальнай Праваслаўнай царквы Украіны толькі 700 прыходаў УПЦ МП перайшлі ў яе падпарадкаванне. Гэта нават не дзясятая частка.

За апошнія два месяцы ў ПЦУ ў асноўным перайшлі храмы на захадзе і ў цэнтры Украіны. Што да поўдня і ўсходу, дзе ідуць пастаянныя абстрэлы расійскага войска, то там актыўнай змены царкоўнага вектара не назіраецца.

"Я ведаю, што ў Днепрапятроўскай і Запарожскай епархіях праходзяць пратэсты радавога духавенства. Але іх ніхто не асвятляе, епіскапы замоўчваюць гэтую пазіцыю, але рух ёсць. Проста некаторыя з іерархаў думаюць, што, магчыма, будзе поўная акупацыя ці нават перамога гэтай арды, таму ім лепш сябе не вельмі праяўляць", — так тлумачыць гэтую пасіўнасць мітрапаліт Львоўскі і Сакальскі ПЦУ Дзімітрый.

На думку рэлігіязнаўцы Віктара Яленскага, кіраўніцтва УПЦ МП цяпер проста чакае, што "шок ад вайны" і чалавечае абурэнне пройдуць і зноў нічога не трэба будзе мяняць, як гэта было ў 2014-м.

"Таму не трэба чакаць. Трэба проста ўнесці змены ў закон, забараніўшы гэтыя структуры як калабарацыянісцкія і як структуры, якія супрацоўнічаюць з дзяржавай-агрэсарам", — кажа Яленскі.

Забарона не спрацуе?

У канцы сакавіка ў Вярхоўнай Радзе зарэгістравалі законапраект аб забароне Маскоўскага патрыярхату на тэрыторыі Украіны.

Дакументам прадугледжана, што з моманту прыняцця закона ўся маёмасць МП на працягу 48 гадзін інвентарызуецца і нацыяналізуецца.

"Адной з галоўных асноў захопніцкай ідэалогіі Масквы на працягу 31 года незалежнасці Украіны застаецца філіял Рускай праваслаўнай царквы ва Украіне, які працягвае прыкрывацца назвай "Украінская праваслаўная царква". Да вайны гэтая арганізацыя маштабна прасоўвала ідэі "рускага свету", "братэрства" з Расіяй, раздзімала ўнутраныя супярэчнасці ва ўкраінскім грамадстве на рэлігійнай глебе", — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да законапраекта.

Яго аўтарка — пазафракцыйны дэпутат ад Усеўкраінскага аб'яднання "Свабода" Аксана Саўчук. Цяпер выглядае малаімаверным, што гэты законапраект падтрымае большасць дэпутатаў. Урэшце, у парламенце да канфліктных царкоўных пытанняў заўсёды ставіліся з асцярожнасцю і апаскай і спрабавалі іх абыходзіць.

Рэлігіязнаўца, дырэктар ГА "Цэнтр рэлігійнай бяспекі" Дзмітрый Гаравой не бачыць сэнсу ў прыняцці законапраекта, "які не будзе працаваць".

"Нават калі закон прымуць, дзейнасць РПЦ забароняць, а ў якой-небудзь вёсцы выконваць яго адмовяцца, вернікі не разыдуцца. Што рабіць? Хто павінен за гэтым сачыць? СБУ? Цяпер ім яшчэ дадаць працы па 10-12 тысячах прыходаў ва ўсёй Украіне? У іх працы і так досыць",лічыць Гаравой.

Спікер Вярхоўнай Рады Руслан Стафанчук ужо заявіў, што законапраект не актуальны: "Кожны закон, які ўносіцца ў Вярхоўную Раду і расколвае грамадства, дае імпульс да з'яўлення або актывізацыі ўнутраных калабарантаў у дзяржаве. Гэтага нельга дапусціць, таму што ўкраінская нацыя павінна быць адзінай. Будзем разбірацца з усімі пасля перамогі".

Пры падтрымцы "Медиасети"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.