Пуцін абяцае далейшую падтрымку беларускай эканомікі

Спрэчкі паміж Расіяй і Беларуссю — з'ява натуральная, заявіў у аўторак Уладзімір Пуцін. На яго думку, усе яны будуць лёгка вырашаныя. 

Расійскі прэзідэнт заявіў, што што Масква зацікаўленая ў падтрымцы эканомікі Беларусі . Па яго словах, якія перадае РБК, прыхаваная і прамая падтрымка беларускай эканомікі — гэта не "выкінутыя грошы", а "пралічаныя крокі ў разліку на будучы вынік". Пуцін мяркуе, што расійская эканоміка атрымае ад гэтага выгады, бо ў выніку павысіцца "наша агульная канкурэнтаздольнасць".

Пуцін падкрэсліў, што пры ўсіх рознагалоссях паміж Мінскам і Масквой расійскі рынак цалкам адкрыты для беларускіх тавараў, а Беларусь атрымлівае расійскую нафту без пошлін.

"Спрэчкі заўсёды ёсць. Я ўпэўнены, што мы знойдзем выйсце з любых, нават, здавалася б, вельмі цяжкіх сітуацый", — выказаш надзею расійскі прэзідэнт.

Як паведамлялася раней, паміж Беларуссю і Расіяй з пачатку 2016 года цягнецца нафтагазавая спрэчка. Па расійскіх падліках, афіцыйны Мінск завінаваціўся ўжо каля 600 млн долараў за пастаўкі газу. У адказ Расія скараціла пастаўкі нафты ў нашу краіну. 

Тавараабарот паміж Расіяй і Беларуссю знізіўся на 5,2% у параўнанні з узроўнем 2015 года і склаў 26,1 млрд долараў. Гэта самы нізкі ўзровень з 2009 года.