Псіхолаг: Беларускія бацькі ўсё часцей выхоўваюць дзяцей “навукова”

120601 Tarasevich s_0.mp3

Еўрарадыё: Што найбольш турбуе бацькоў, якія да вас звяртаюцца?

 

Мая Тарасевіч: Збольшага людзі звартаюцца з пытаннямі, як гадаваць дзіця, каб яно было паспяховым, як правільна зрабіць так, каб мама і тата былі аўтарытэтам для дзіцяці. Бацькі часта звяртаюць увагу на пытанні развіцця дзіцяці. Многія бацькі абазнаныя ў псіхалогіі: яны нешта чытаюць самі, звяртаюць увагу на сваё дзяцінства і хочуць выпраўляць памылкі, якія здараліся ў іх дзяцінстве. Адпаведна, яны звяртаюцца да псіхолага, каб зразумець, што трэба рабіць і як правільна гэта рабіць. Збольшага ментальнасць людзей змяняецца і людзі інакш ставяцца да выхавання дзетак. Колькасць зваротаў да псіхолага ўвесь час расце.

 

Еўрарадыё: А наколькі ў Беларусі захаваліся старыя метады нашых бабуляў? Маўляў, нашкодзіў – атрымаў па попе і ў кут. 

 

Мая Тарасевіч: Я думаю, нельга казаць, што старэйшыя пакаленні робяць не слушна. Калі-нікалі дзіця трэба пакараць і шлёпнуць, і паставіць у кут. Важна, каб гэта была не адзіная прылада выхавання дзяцей, бо, калі карыстацца толькі рэменем і кутом, то гэта кепска, на маю думку. Цяпер шмат розных варыянтаў, як зацікавіць дзіця, як захапіць яго. Трэба звяртаць увагу на тое, што наогул з ім адбываецца, бо дзіця капрызіцца не без прычыны. Цяпер бацькі маюць больш часу на дзіця, чым некалі. Таму і варыянты гадаваць дзіця розныя.

 

Еўрарадыё: Цікава. Вы кажаце не адкідаць старых метадаў выхавання. А вось у Швецыі фізічныя метады ўздзеяння на дзяцей – яны наогул забароненыя. Ці трэба забараняць бацькам шлёпаць дзяцей? 

 

Мая Тарасевіч: Калі падыходзіць да пытання катэгарычна, забараняць біць дзіця ці яшчэ нешта – гэта не дасць таго эфекту, які трэба, каб быў. Трэба адукоўваць бацькоў – трэба, каб бацькі былі псіхалагічна падрыхтаваныя і разумелі, на што яны стасуюць менавіта гэты спосаб пакарання. Калі бацька ці маці проста спаганяе на гаротным дзіцяці злосць на жонку, мужа, начальніка на працы – гэта адно, а калі дзіця сапраўды не слухаецца, каторы раз выпрабоўвае цярплівасць бацькоў, тады і праўда можна шлёпнуць па азадку. Я лічу, што трэба даваць выбар бацькам і дзецям.

 

Еўрарадыё: Сучасныя еўрапейскія бацькі да свайго дзіцяці падыходзяць як да чарговага праекту. І гэты “праект” мусіць быць ідэальны, выхаваны з усіх бакоў: дзесяць тысяч курсаў, пяць спартовых секцыяў – ад калыскі бяжым да будучай канкурэнцыі на рынку працы. Наколькі ў Беларусі можна назіраць такую тэндэнцыю, і наколькі гэта добра ці дрэнна? 

 

Мая Тарасевіч: Такая тэндэнцыя ёсць. Многія бацькі сапраўды закладаюць у сваё дзіця вялікія рэсурсы, якія павінны будуць праявіцца ў будучыні. Я думаю, што на ўсё ёсць мера. Гэта добра, калі гэта на задавальненне, а не як праект, як вы сказалі. Калі гэта “праект”, а не дзіця, то мне вельмі сумна за гэтае дзіця ды за бацькоў. Тады дзіця не развіваецца, а існуе ў нейкіх жорсткіх рамках. Я лічу, што кожны можа выбіраць, але, як маладая мама, гэтага не прытрымліваюся. Мне важна заўважаць, што маё дзіця любіць, чым цікавіцца. Вядома, я таксама ваджу яго ў нейкія развіццёвыя цэнтры, дапамагаю сваёй дачцэ развіваць здольнасці, але галоўнае – любіць дзіця і заўважаць.

 

Еўрарадыё: У Еўропе можна назіраць тэндэнцыю, што бацькі робяцца параноікамі: дзіцёнак сам нікуды не пойдзе, на метро не паедзе – вельмі баяцца за сваіх дзяцей. Ці адбываецца такое таксама ў Беларусі?

 

Мая Тарасевіч: Здаецца, і ў Беларусі такое ёсць, бо я шмат гутару з маладымі маці – кожная па-рознаму ставіцца да свайго дзіцяці. У гэтым, вядома ж, трэба разбірацца – чаму такая моцная апека… Мой асабісты досвед паказвае, што, калі ты пачынаеш давяраць свайму дзіцяці, то гэта дапамагае яму больш упэўнена ісці ў жыццё. Вядома ж мы не можам схаваць яго ад усіх бедаў: як кажуць – ведаў бы дзе павалішся – лепей бы там сеў. Прагназаваць усё немагчыма, але калі давяраць дзіцяці, дык яно навучыцца абмінаць праблемы.

 

Еўрарадыё: У некаторых краінах практыкуецца роўны клопат пра дзіця з боку жанчыны і мужчыны. Наколькі ў беларускіх маладых сем’ях гэта распаўсюджана і наколькі дзяржава спрыяе гэтаму? Ці ў Беларусі ёсць магчынасць пайсці бацьку ў адпачынак, каб гадаваць дзіця? 

 

Мая Тарасевіч: Гэта практыкуецца і гэта ёсць. Добра гэта ці кепска – цяжка меркаваць, але тое, што бацькі абодва ўдзельнічаюць у выхаванні дзіцяці – гэта праўда. Адно толькі трэба звярнуць увагу, што калі дзіця хварэе – хто яму трэба паблізу? Калі кіравацца толькі колькасцю заработнай платы і колькасцю прынесеных грошай ад бюлетэня – не ведаю як да гэтага ставіцца. Я спрабую заўважаць, што майму дзіцяці важна цяпер. Калі яму важна быць з мамаю, каб мама яго ў хваробе шкадавала (бо мама – той чалавек, які робіць цеплыню, утульнасць і апеку, гэта асноўны клопат мамы) – адпаведна я б сама пайшла на бюлетэнь, чым выпраўляла б мужа, які падыходзіць да выхавання дзіцяці з мужчынскай пазіцыі: даць лекі, уключыць мульцікі і не надта непакоіць і чапаць дзіця – хай хварэе.

 

Еўрарадыё: Няўжо мужчыны настолькі няздольныя да цеплыні, да “матчынай” апекі, што толькі мульцікі ўключыць могуць?

 

Мая Тарасевіч: Не тое, што яны не здольныя – проста гэта не мужчынская задача. Я не думаю, што мужчыны не могуць любіць і апекавацца – яны могуць гэта рабіць. Многія маладыя таты даволі спагадлівыя, гадуючы дзіця. Усё залежыць ад сям’і і ўсё індывідуальна. Проста калі глядзець на нейкія асноўныя задачы мамы, таты ў дачыненні да дзіцяці, то тата нясе трошачкі іншую функцыянальную нагрузку. Апека, цеплыня і ахова ўсё ж такі ляжыць на маміных плячах, бо матчына сэрца абагрэе, а бацькава сэрца абароніць.

***


Пра цяжкасці ў выхаванні дзіцёнка ў гарадской прасторы распавядае маладая маці і спявачка Маша Калеснікава.


120601 Mashka s.mp3

Еўрарадыё: Ты бываеш за мяжой. Параўнай, калі ласка, наколькі грамадская прастора ў Мінску прыстасаваная для таго, каб існаваць у ёй з дзецьмі?

 

Маша Калеснікава: Вядома, вельмі адрозніваецца становішча маці з дзіцём у Беларусі і ў Польшчы. У Польшчы на кожным кроку можна знайсці месца, каб памяняць падгузнік дзіцяці. Усе сучасныя грамадскія цэнтры зробленыя так, каб маці з дзіцем добра сябе адчувалі, маглі вандраваць, рабіць шопінг, каб маглі і пакарміць і памыць дзіця, калі ўзнікне такая патрэба. У Беларусі гэтага не стае. У тым жа “Бігзе”, у “Кароне” трэба зрабіць ліфты, каб можна было з вазком заязджаць. Тое ж у грамадскім транспарце – не ўсе аўтобусы маюць спецыяльныя прыстасаванні. Мы, напрыклад, з вазком проста нікуды не выязжаем. Добра, што афрыканцы прыдумалі слінгі. Калі мы збіраемся паехаць з дзіцём некуды ў горад, бярэм яго ў слінг. А з вазком вядома кепска.

 

Еўрарадыё: А ці прыстасаваныя кавярні і рэстарацыі? Ці ёсць там, напрыклад, дзіцячыя крэселкі?

 

Маша Калеснікава: У “Лідо” ёсць такія крэселкі, можна яго папрасіць і свайго дзіцёнка пасадзіць. А вось напрыклад зараз мы знаходзімся ў гандлёвым цэнтры “Сталічны”, хочам паесці. Але тут няма нічога прыстасаванага і дзіця будзе проста сядзець у нас на каленях. Але наш ужо вялікі, яму нармальна будзе. А ўвогуле ў нашай сістэме грамадскага харчавання зроблена ўсё, каб дзіцёнак хутка стаў дарослым – каб мог сесці за стол, узяць лыжку і стаць дарослым.

 

Еўрарадыё: Ці даводзілася табе падарожнічаць з дзіцем аўтобусам ці цягніком?

 

Маша Калеснікава: Нам давялося крыху падарожнічаць у мінулым годзе па Еўропе цягнікамі. У той жа Польшчы ці ў Германіі ў цягніках ёсць купэ, прыстасаваныя для праезду маці і дзяцей. Тваё дзіця не будзе поўзаць па вагоне і перашкаджаць усім, ці ныць, калі ў яго рэжуцца зубы, так што ўвесь вагон будзе ціха ненавідзець і цябе, і тваё дзіця. Там асобныя купэ, дзе шмат дзяцей і ўсе яны разам тусуюцца. У Беларусі такога няма, таму мы паўсюль стараемся ездзіць на ўласным аўтамабілі.

 

Еўрарадыё: Ці былі ў цябе моманты, калі трэба было знайсці няню?

 

Маша Калеснікава: Не, у нас такой патрэбы не ўзнікала, бо калі мне трэба кудысьці паехаць – мяне замяняе або мама або свякроўка, ці з дзіцем застаецца муж. Але ў нашых суседзяў і сяброў сапраўды ёсць няні і мне падаецца, што зараз знайсці няню не праблема. Наколькі я ведаю, гэта каштуе 2 долары за гадзіну, так што не кожнаму па кішэні. Сам інстытут няняў у Беларусі яшчэ не развіты, але гэта ўжо пачынае дзейнічаць.

 

Еўрарадыё: Калі гаварыць пра асаблівасці выхавання дзяцей, ці ёсць у цябе адчуванне, што ты баішся за Рыгора больш, чым твае бацькі баяліся за цябе? Ці пусціш ты яго аднаго гуляць на двор, калі ён падрасце?

 

Маша Калеснікава: Мы жывем у класным месцы – Зялёны Бор. Гэтае месца прыстасаванае для выхавання дзяцей. У нас вельмі вялікія пляцоўкі, у дварах паўсюль стаяць відэакамеры. Карцінку з відэакамеры можна вывесці нават сабе на тэлевізар, як робяць нашыя суседзі, калі выпраўляюць дзяцей адных на двор. У нас яшчэ і тэрыторыя абнесеная плотам. Але ў горадзе магчыма страшнавата.

 

Еўрарадыё: Якую стратэгію ў выхаванні ты збіраешся абраць? Ці будзе твой сын наведваць усе магчымыя гурткі і заняткі?

 

Маша Калеснікава: Мы ў свой час не хадзілі ў развіваючыя школкі, але мне падаецца, што не такімі і дурнымі мы павырасталі. У кожным выпадку у дзіцёнка павінна быць дзяцінства. Я хачу, каб мой Рыгор абавязкова хадзіў на ангельскую мову гадоў з чатырох. Бо я, напрыклад, пакутую ад таго, што не ведаю добра мовы і не пачуваюся свабодна ў нейкай замежнай краіне. Нават мой саракагадовы муж зараз пайшоў на ангельскія курсы дзеля таго, каб пачувацца чалавекам і мець магчымасць замовіць сабе хаця б каву. Апроч таго, трэба глядзець на таленты, бо дзіця, як мне падаецца, адкрываецца ад самага нараджэння. Мы ў сваім бачым гэты талент – ён хоча стаць бубначом, ён увесь час бубніць. І вядома, мы павядзем яго на праслухоўванне, можа нават ужо праз год, да якога-небудзь вядомага беларускага бубнача. І калі той скажа, што нам ёсць сэнс займацца музыкай, мы будзем займацца музыкай. Прычым я б хацела спачатку вадзіць яго на нейкія прыватныя ўрокі, а можа пазней аддаць у музычную школу, бо мне не вельмі падабаецца адукацыя, якую даюць дзецям у музычнай школе, яна яшчэ вельмі нагадвае савецкую сістэму. Мне б хацелася самой вучыць свайго дзіцёнка таму, што я ўмею.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі