Прывітанне, зброя. Чаму беларускія ўлады так трымаюцца за парады

На парадзе / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё​
На парадзе / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё​

Кожную вясну ў Беларусі пачынаюцца спрэчкі аб тым, патрэбныя краіне парады ці не. Нягледзячы на пабіты асфальт, шум, скаргі мінчан на перакрыты горад і ДТЗ з ваеннай тэхнікай, у танкі, самалёты, маршы і салюты працягваюць укладвацца грошы з дзяржбюджэту.

Привет, оружие. Почему белорусские власти так держатся за парады

Калі самалёты знікаюць у летнім заходзе, а за танкамі зачыняюцца дзверы гаражоў, спрэчкі суціхаюць — да наступнага года. А пытанне: чаму ўсё-ткі беларускія ўлады так трымаюцца за парады? — застаецца без адказу. Чаму без парадаў ім ніяк нельга? Еўрарадыё задало гэтае пытанне вядомым беларусам, і вось што яны адказалі. 

“Такая старажытная таталітарная манера кіравання краінай”

Уладзімір Мацкевіч, філосаф і метадолаг

 

Привет, оружие. Почему белорусские власти так держатся за парады
Уладзімір Мацкевіч / Еўрарадыё

Нашыя ўлады маюць адпаведнае ўяўленне пра тое, што такое народ. Народ — гэта той, каму патрэбныя "чарка-шкварка" ды відовішча. Па-руску гэта гучыць як “хлеба и зрелищ”. Калі хлеба мала, гэта кампенсуецца відовішчам. Ну ці там прапарцыйна: хлеб — відовішча, хлеб — відовішча і гэтак далей. Больш нічога не трэба. Парад — гэта відовішча. Ён заўсёды прываблівае натоўп. Такая старажытная таталітарная манера кіравання краінай. Народ, які, разявіўшы рот, глядзіць на відовішча, больш не задае ніякіх пытанняў і не здольны ні на якія дзеянні. Відавочная прагматыка”.

"Было за царом, да цара, пасля цара"

Сяргей Калякін, старшыня Беларускай партыі левых "Справядлівы свет"

 

Привет, оружие. Почему белорусские власти так держатся за парады
Сяргей Калякін / Еўрарадыё

Не ведаю, пры чым тут беларускія ўлады. У большасці краін свету праводзяцца парады. Проста ёсць традыцыі, якіх прытрымліваюцца. Парады падабаюцца людзям. Гэта нармальная з'ява. Вы бачылі, колькі было людзей 3 ліпеня? Не ўсіх ахвотных пусцілі!

Вядома, традыцый шмат і не ўсе яны прыжываюцца. Парад прыжыўся, напэўна, таму што кладзецца на менталітэт народа. Гэта было за царом, да цара, пасля цара. Пасля савецкай улады, да саветаў. Сёлета — з нагоды 75-годдзя вызвалення Мінска. Калі б такой традыцыі не было і раптам яна з'явілася, гэта б выклікала пытанні. А так не ведаю, што адказваць.

"У Расіі праходзяць — і ў нас праходзяць"

Аляксандр Саладуха, артыст

 

Привет, оружие. Почему белорусские власти так держатся за парады
Аляксандр Саладуха / Еўрарадыё

З дзіцячых гадоў мы прывыклі, што парад — заўсёды. Таму я не думаю, што парады патрэбныя толькі ўладам. Гэта трэба ўсяму народу. У Расіі праходзяць — і ў нас праходзяць. Такое рашэнне прымае кіраўніцтва краіны.

Я сам — сын вайскоўца. Парады — гэта частка жыцця. Яны паказваюць моц дзяржавы, як мне здаецца. Маўляў, на варце стаяць вайскоўцы. Паказваюць тэхніку, салдат, афіцэраў. Я неяк не задумваўся, заўсёды лічыў, што гэта норма. Апошнія дзесяць гадоў падчас парадаў я працую, таму калі гляджу, то толькі па тэлевізары. Але ў дзяцінстве мне вельмі падабаліся парады.

“Яму патрэбна аптымізаваная маса людзей, дзе кожны сам за сябе”

Мікалай Статкевіч, лідар Беларускага нацыянальнага кангрэса

 

Привет, оружие. Почему белорусские власти так держатся за парады
Мікалай Статкевіч / Еўрарадыё

Па-першае, гэта цацка для сябе. Па-другое, ён [Лукашэнка. — Еўрарадыё] хоча прапанаваць гэтую цацку іншым — значнай і не самай адукаванай частцы беларускага грамадства. Робіць гэта, каб дагадзіць ім перад нейкімі палітычнымі кампаніямі, каб пасля забраць права выбіраць на выбарах або на рэферэндуме свой лёс. Каб яны маўчалі, ён прапануе ім такую забаўку. Гэта абсалютна не ўнікальна. Усе рэжымы ў свеце падобныя.

Привет, оружие. Почему белорусские власти так держатся за парады

З іншага боку, кожная прыстойная дзяржава павінна мець сваё нацыянальнае свята — Дзень Незалежнасці. Але Дзень Незалежнасці, які звязаны са змаганнем за незалежнасць, ён [Лукашэнка. — Еўрарадыё] не можа святкаваць, таму што гэтая дата працавала б на нацыянальную кансалідацыю, на гісторыка-патрыятычнае выхаванне, чаго кіраўнік дзяржавы баіцца. Яму не трэба ніякая кансалідацыя, няважна, пад якім сцягам. Нават пад сцягам перамогі ў Другой сусветнай вайне, як гэта адбываецца ў Расіі. Таму ён спалучыў неспалучальнае — святкуе Дзень Незалежнасці ў Дзень вызвалення. І гэта святкаванне дазваляе яму пацешыць сябе, прапанаваць народу забаўку, але не дазваляе кансалідавацца вакол свята патрыятычным сілам — ні тым, хто мог бы шкодзіць незалежнасці (прыхільнікі саюза Беларусі і Расіі), ні тым, хто б яе бараніў. Яму патрэбна аптымізаваная маса людзей, дзе кожны сам за сябе.

Привет, оружие. Почему белорусские власти так держатся за парады

На жаль, святы, што не нясуць сэнсавай нагрузкі, якая павінна быць, вельмі дорага нам абыходзяцца. Я не кажу пра сапсаваны танкамі асфальт, затрачаны час ды спалены бензін. У беднай краіне мала фінансаванае войска, а яго прымушаюць ладзіць такія шоу. Ведаеце, нам увесь гэты час вельмі шанцавала, што абыходзілася без ахвяр.

"Некалькі гадоў таму парады былі больш пацыфісцкія"

Аляксей Братачкін, гісторык, супрацоўнік Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў

 

Привет, оружие. Почему белорусские власти так держатся за парады
Аляксей Братачкін / Еўрарадыё

Я не ведаю, навошта нашым уладам парад. Не маю ўяўлення. Але думаю, што гэта спадчына не толькі беларускага народа. Калі ў XIX стагоддзі фарміравалася нацыянальная дзяржава, гэта суправаджалася з'яўленнем усялякіх рытуалаў, звязаных з нацыяналізмам, дэманстрацыяй мілітарысцкай моцы. Падобна на тое, традыцыя дажыла да XXI стагоддзя.

Наогул, у многіх краінах ёсць парад. Сацыёлаг Аляксей Ластоўскі лічыць, што значнасць 3 ліпеня ўзрастае ў адносінах да памяці аб 9 траўня. Таму парад перанеслі на 3 ліпеня. Такая спроба надаць дадатковы статус гэтай даце.

Привет, оружие. Почему белорусские власти так держатся за парады

Мне асабіста парады не патрэбныя. Заўважце, яшчэ некалькі гадоў таму парады былі больш пацыфісцкія. У гэтым годзе зроблены акцэнт на больш мілітарысцкім складніку, на зброі, што ўжо дзіўна асабіста для мяне. Што гэта значыць? Магчыма, улада хоча прадэманстраваць наяўнасць арміі, нейкай сілы, на якую можна абапірацца.          

"Візітная картка дзяржавы"

Мікалай Улаховіч, дэпутат

Привет, оружие. Почему белорусские власти так держатся за парады
Мікалай Улаховіч / Еўрарадыё

Вельмі дзіўнае пытанне. Усе праводзяць парады. 75 гадоў вызвалення Беларусі! Як не правесці? Гэта паказвае статус дзяржавы. Яе візітная картка. Не тое, што мы агрэсіўная дзяржава, а што нармальная, суверэнная беларуская дзяржава, якая мае ўсё — і парады, і ўрад, і парламент. Нармальная з'ява. Асабіста для мяне гэта памяць аб маім бацьку — партызане і вязню Бухенвальда, які быў заслужаным чалавекам, ардэнаносцам. Яго рэпрэсавалі, але пры Хрушчове ўзнагароды вярнулі.

Парады трэба праводзіць абавязкова. Праўда, мне шкада, што на партызанаў сталі менш звяртаць увагі. У гэтым годзе я чакаў, што больш пра іх скажуць, а сказалі толькі мелькам. У нас партызанская рэспубліка, партызанская краіна. Гэта ж усенароднае абурэнне было. Уся краіна паднялася супраць ворага. Тысячы беларусаў, якіх ніхто не прымушаў ісці ў партызаны! Мой бацька пайшоў, калі яму гадоў 16-17 было. Расказваў, што ў атрадзе былі камандзіры з НКУС. Гэта не дрэнна. У такіх атрадах, у адрозненне ад "зялёных братоў", было больш дысцыпліны.

"Просты сродак па нараджэнні нацыянальнага энтузіязму"

Аляксандр Алесін, незалежны ваенны аглядальнік 

 

Привет, оружие. Почему белорусские власти так держатся за парады
Аляксандр Алесін / Еўрарадыё

У кожнага народа і дзяржавы існуюць нацыянальныя сімвалы і нацыянальныя міфы. Увогуле, гэта і складае ідэалагічную аснову дзяржавы. Таму быццам бы з пункту гледжання рацыянальнага здаровага сэнсу, эканомікі і ваеннай справы, на першы погляд, парады не маюць сэнсу. Але з пункту гледжання ідэалогіі і прапаганды набор усіх гэтых цырымоній падчас святаў іграе вельмі вялікую ролю ў жыцці дзяржавы. Перш за ўсё, аб'яднання вакол гэтых падзей народа, стварэння нейкай нацыянальнай ідэалогіі. Прыклад Расіі, якая раздзіраецца супярэчнасцямі. Кіраўніцтва краіны спрабуе аб'яднаць народ вакол падзей Вялікай Айчыннай вайны, ад якой пацярпелі практычна ўсе жыхары. У Беларусі таксама ідзе пошук ідэі, якая павінна нас аб'яднаць. Бо такіх ідэй не шмат, вялікая вось гэтая вайна, перамога, вызваленне павінны стаць тым ідэалагічным стрыжнем, вакол якога павінен аб'ядноўвацца беларускі народ, у тым ліку маладое пакаленне.

Привет, оружие. Почему белорусские власти так держатся за парады

Парады праводзяцца, таму што павінна быць яскравая падзея, якая можа зрабіць уражанне. На ўсіх — ад немаўлят да сівых старых. Парад — гэта, скажам так, просты сродак па нараджэнні нацыянальнага энтузіязму. Думаю, што парад патрэбен для аб'яднання жыхароў дзяржавы. Гэта вельмі просты і даступны сродак для ўсіх слаёў насельніцтва. Ён аказвае вельмі моцнае эмацыянальнае ўздзеянне, рэзка падымае ўзровень патрыятызму нават на падсвядомым узроўні. Аб'ядноўвае ўвесь народ у адзіным парыве. Калі мы ўспомнім гісторыю Савецкага Саюза, то парады праводзіліся менавіта як сродак для мабілізацыі, аб'яднання вакол нейкай ідэі, вялікай мэты. Думаю, і ў нас парад прыкладна тую ж ролю выконвае. Акрамя таго, ён закліканы паказаць сілу існуючай улады, моц дзяржаўных інстытутаў і гатоўнасць дзяржавы абараніць сваіх грамадзян. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі