Прыхільніка Лукашэнкі пасадзілі на 6 сутак за майку супраць вакцынацыі

Прыхільніка Лукашэнкі пасадзілі на 6 сутак за майку супраць вакцынацыі

У Мінску да 6 сутак арышту прысудзілі прыхільніку Аляксандра Лукашэнкі, паведамляюць праваабаронцы "Вясны".

Егудзі Ігаэля затрымалі 27 ліпеня на праспекце Незалежнасці. Амапаўцам не спадабалася яго цішотка з надпісам "Против насильственной вакцинации". У Ленінскім РУУС на мужчыну склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП — за несанкцыянаванае пікетаванне.

Справу Егудзі 30 ліпеня разглядала суддзя Ленінскага раёна Таццяна Шоцік.

На судзе Егудзі заявіў, быццам супрацоўнікі Акрэсціна сказалі, што ў яго няма ніякіх правоў. Таксама ён паведаміў, што яго не азнаёмілі з матэрыяламі справы і не дазволілі затэлефанаваць адвакату. Ён запатрабаваў, каб у месцах пазбаўлення волі захоўваліся правы.

Адвакат хадайнічаў, каб да справы далучылі ліст ад працадаўцы, дзе гаворыцца, што Егудзі працуе ў фондзе "Адкрытыя сэрцы", з'яўляецца пазаштатным карэспандэнтам газеты "Вечерний Могилёв" і робіць усё для падтрымкі дзеючага канстытуцыйнага ладу.

На судзе мужчына некалькі разоў заяўляў пра парушэнне сваіх правоў і ўвогуле не разумеў, чаму яго судзяць. Таксама дадаў, што падтрымлівае Лукашэнку. 

Аднак суддзя Шоцік палічыла віну Егудзі цалкам даказанай і прысудзіла яму шасцісутачны арышт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі