Прэзідэнт, які танцуе. Рэпартаж з выступу Байдэна ў Варшаве

Выступ Джо Байдэна ў Варшаве / Euroradio

 
Выступ Джо Байдэна ў Варшаве / Euroradio  

Адразу два прэзідэнты ўчора падвялі вынікі года, і толькі аднаго з іх можна было пры гэтым убачыць няўзброеным вокам. Амерыканскі лідар Джо Байдэн паклікаў усіх ахвочых прыйсці паслухаць яго ў варшаўскі сад Каралеўскага замка. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін загадаў трансляваць сябе на экраны ў буйных гарадах.

Пуцін выйшаў да сходу пад гукі горна, Байдэн з'явіўся, крыху прытанцоўваючы, пад трэк нарвежскага дыджэя "Freedom" — "Свабода".

Калі б трэба было знайсці два самыя непадобныя адзін на адзін прэзідэнцкія спічы, гэтыя два выйшлі б у фінал.
 

Пікнік ля каралеўскага дома

Байдэн у Варшаве ўжо выступаў. Летась журналістаў і самых дарагіх гасцей сабралі ў дворыку Каралеўскага замка. А для тых, каму запрашальных не дасталася, вакол замка ўсталявалі экраны.

Відавочна, сёлета арганізатары мерапрыемства палічылі такую практыку недастаткова інклюзіўнай. І перанеслі месца дзеяння ў сад замка. Цяпер усе мелі шанец атрымаць аднолькава выгадны ракурс на Байдэна. У амбасады ЗША была толькі адна ўмова: вельмі прасілі апрануцца цяплей.

Суровай зімы, на якую разлічвалі ў Крамлі, у Варшаве сёлета так і не здарылася. І ўсё ж праз паўгадзіны чакання максімальна інтэрнацыянальная чарга пачала замярзаць. Толькі шведы, дзелавіта папраўляючы на плячах лёгкія швэдрыкі, заяўлялі, што яны "fine". Увогуле, у Беларусі маглі б сказаць, што NATO ледзь не ў поўным складзе ляскае зубамі недалёка ад мяжы.

Прэзідэнт, які танцуе. Рэпартаж з выступу Байдэна ў Варшаве
Выступ Джо Байдэна ў Варшаве / Euroradio

Затое адразу пасля кантрольнай рамкі гасцей чакаў безлімітныя прывітальныя кава і суп.
— Ды гэта ж нейкі пікнік ля Белага дома! — ахнулі госці.
 

Crazy right now

Атмасфера на лужку замкавага саду была абуральна святочнай. Скаўты ва ўніформе трывожнага маскавальнага колеру тры гадзіны запар зухавата прытанцоўвалі пад Беёнсэ. Дзеці бегалі на лужку, сядзелі на зямлі, гарталі коміксы "Марвел" і рабілі сэлфі. Плюс-мінус тым жа былі занятыя дарослыя, толькі з папраўкай на каву.

Прэзідэнт, які танцуе. Рэпартаж з выступу Байдэна ў Варшаве
Чаканне выступу Джо Байдэна ў Варшаве / Euroradio

Усё сведчыла пра тое, што чакаюць не прэзідэнта, а рок-зорку — і гэта прытым, што для знакамітых акуляраў Байдэна ў Варшаве цяпер не сезон.

Наш першапачатковы план — арыентавацца ў натоўпе на сцягі — аказаўся ні да чаго не прыдатным. Валанцёры на ўваходзе пачалі раздаваць сцяжкі Украіны, Польшчы ці ЗША, і праз пяць хвілін усё змяшалася. Вось ужо канадцы размахваюць сцягам Польшчы, украінцы — сваім і амерыканскім, а ўкраінская стужка на грудзях ужо даўно перастала гаварыць, напэўна, хоць пра нешта, акрамя салідарнасці.

— Where’re you from? — пытаемся ў дзяўчыны, захутанай у доўгі амерыканскі сцяг.

— Ukraina, — адказвае Вара. — And you?

А даведаўшыся, адкуль Еўрарадыё, раптам дадае:

— Жыве Беларусь!

Прэзідэнт, які танцуе. Рэпартаж з выступу Байдэна ў Варшаве
Кіяўлянкі Вара і Сафія / Euroradio

Вара прыехала з Кіева. Выехала з дому рана раніцай, 24 лютага, год таму. Яна ўжо добра гаворыць па-польску і пераключаецца на размову з пажылым палякам, які вучыць яе, як трэба перавязаць сцяг, — "бо нельга, каб сцяг дакранаўся да зямлі".

У амерыканскі сцяг загарнуўся і Ян — напалову канадзец, напалову паляк. Не, сцяг не грэе.

— Сёння халаднавата, але нас сагравае кава і цяпло нашых сэрцаў. Я люблю ЗША і люблю Украіну. А тое, што робіць Расія, — гэта самая вялікая памылка, якую яна здзяйсняла, — кажа ён карэспандэнту Еўрарадыё.

Прэзідэнт, які танцуе. Рэпартаж з выступу Байдэна ў Варшаве
Ян — ён прадстаўляе адразу дзве краіны, Польшчу і Канаду / Euroradio

Былі сярод гасцей тыя, хто чакаў ад Байдэна рашучых заяў — у сэнсе, абяцанняў новых паставак зброі для Украіны. Былі і скептыкі.

— Я слухаў усе прамовы містара прэзідэнта, але яны трохі "кульгаюць", — кажа нам паляк Макс. — Адны абяцанні. Можа, сёння ён скажа нешта новае?

Суразмоўцы Еўрарадыё з Германіі і Брытаніі прызналіся, што наогул нічога ад Байдэна не чакаюць. Але раз яны ў Варшаве і містар прэзідэнт у Варшаве — можна і паслухаць.

— У нас у краінах людзі ўсё яшчэ актыўна дапамагаюць украінцам. Прымаюць бежанцаў у свае дамы, ахвяруюць грошы. Але, на жаль, ужо не так актыўна, як год таму. Здаецца, Еўропа прывыкла да вайны. І трэба кожны дзень нагадваць сабе: ідзе вайна. Усё яшчэ ідзе вайна.

— Расія — гэта, вядома, пастаянная пагроза. Але ў Брытаніі нейкіх сур'ёзных страхаў на гэты конт пакуль няма. У сэнсе, ніхто не скупляе прадукты ў крамах, ніхто не панікуе.

— А вось у мяне ёсць некалькі сяброў у Германіі, якія перажываюць і падумваюць пра тое, каб з'ехаць з краіны на некалькі месяцаў. Яны разглядалі Швейцарыю і Канаду сярод варыянтаў.
 

“Пуцін выбраў гэтую вайну. Кожны новы дзень вайны — гэта яго выбар”

Гадзіна за гадзінай атмасфера заставалася такой нязмушанай, быццам ніхто наогул не збіраўся аб'яўляць: "Пані і панове, вітаем 46-га прэзідэнта ЗША Джо Байдэна".

Ніхто, уласна, і не збіраўся, бо перад Байдэнам слова мусіў узяць прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Дуда быў рэзкім, красамоўным і некалькі разоў зрываў апладысменты.

— Гэта задача NATO — абараняць свабодны свет. Без салідарнасці няма свабоды.

Пуцін да моманту выступу Дуды ўжо, мабыць, ведаў, адкуль на яго рыхтаваўся напад у той вечар. І яшчэ раніцай, не адкладаючы, прэвентыўна раззлаваўся на краіны Захаду. Ён сказаў, што гэта наогул не ён, а Захад распачаў вайну і што Расія прыпыняе ўдзел у Дамове аб стратэгічных наступальных узбраеннях.

Байдэна словы Пуціна калі і занепакоілі, то ён гэтага не паказаў. Калі, нарэшце, абвясцілі выступ 46-га прэзідэнта ЗША, ён прышчоўкнуў пальцамі і зухавата, у рытме музыкі пайшоў да мікрафона пацвярджаць сваю салідарнасць з Украінай. Над галавой Байдэна білі пражэктары, над замкам неслася "You give me freedom, freedom, freedom I've been looking for freedom, freedom is you" ["Ты даеш мне свабоду, свабоду, свабоду, я шукаў свабоду, свабода — гэта ты"].

— Прывітанне, Польшча! — Байдэн вырашыў да канца паводзіцца як хэдлайнер фестывалю.

Прэзідэнт, які танцуе. Рэпартаж з выступу Байдэна ў Варшаве
Выступ Джо Байдэна ў Варшаве / Euroradio

Тым часам клапатлівыя арганізатары зноў затурбаваліся пра гасцей. Ці не мерзнуць? На ўсялякі выпадак у натоўпе пусцілі кошыкі з пальчаткамі.

— Вам чырвоныя ці сінія?

— Ой, рукавіцы! Байдэн сапраўдны дзядуля! — замілаваліся два ўкраінскія падлеткі.

Праўда, мяркуючы з прамовы Байдэна, адзіны дзядуля, на ролю якога ён бы пагадзіўся, — гэта прафесар Дамблдар. Загадкава ўсміхаючыся ў промнях пражэктараў, ён казаў пра свабоду і клікаў на бок святла. У святла, акрамя іншых бонусаў, учора былі кава і пальчаткі.

— Я паўтару сёння ўвечары тое, што сказаў летась у гэтым жа месцы: дыктатар, які імкнецца аднавіць імперыю, ніколі не зможа аслабіць волю людзей да свабоды. Жорсткасць ніколі не зломіць волю свабодных. А Украіна — Украіна ніколі не будзе трафеем Расіі. Ніколі.

Бо свабодныя людзі адмаўляюцца жыць у свеце безвыходнасці і цемры.

<...> Давайце рухацца наперад <...> з цвердым абавязацельствам быць саюзнікамі не цемры, а святла. Не прыгнёту, а вызвалення. Не палону, а свабоды.

Прэзідэнт, які танцуе. Рэпартаж з выступу Байдэна ў Варшаве
Завяршэнне выступу Байдэна / Euroradio

У дзень, калі Пуцін звяртаўся да свайго Федэральнага сходу, Байдэн вырашыў звярнуцца і да народу Расіі. Бо нехта ж павінен быў?
Год таму Байдэн казаў: "Гэтая вайна не вартая цябе, рускі народ". Ён і сёння зноў паказаў, што верыць у рускі народ больш, чым Пуцін.

— ЗША і краіны Еўропы не хочуць знішчыць або ўзяць пад кантроль Расію, Захад не збіраецца нападаць на Расію, як заяўляе Пуцін. А мільёны расіянаў хочуць жыць у міры з суседзямі. Гэтая вайна ніколі не была неабходнасцю, гэта трагедыя.

Пуцін выбраў гэтую вайну. Кожны новы дзень вайны — гэта яго выбар. Ён можа спыніць яе сваім словам.

Усё проста. Калі Расія спыніць уварванне ва Украіну, гэта пакладзе канец вайне. Калі Украіна перастане абараняцца ад Расіі, гэта будзе канец Украіны.

Калі з нейкай прычыны гэтай раніцай у вас было мала добрых эмоцый, паглядзіце на відэа, чым скончыўся выступ Байдэна ў Варшаве.

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі