Вы тут

Прэзентацыя на Еўрарадыё: чацвёрты студыйнік гурта Ru.St “Суп с солью”

Фота: musecube.org

Бабруйскі гурт Ru.St прэзентуе на Еўрарадыё альбом “Суп с солью”, які стаў чацвёртым поўнафарматнікам у дыскаграфіі рокераў. Праца над дыскам пачалася яшчэ ў 2013 годзе, была кволая спроба яго запісаць у 2015, але рэальная студыйная праца на дыскам стартавала толькі летась. За гэты час у складзе паспеў змяніцца басіст і два бубначы, а разам з імі і гучанне, распавядае адзін са стваральнікаў калектыву, гітарыст Андрэй Сцяшэнка.

“У параўнанні з папярэднім альбомам, які быў па канцэпцыі такі гуллівы і танцавальны, на новым дыску практычна ўсе песні асабістыя. Над тэкстамі працаваў Валодзя Рудзік (вакаліст гурта) і яны адлюстроўваюць яго сённяшні псіхалагічны стан, узроставыя адчуванні. Для яго вось такое выварочванне навыварат ці не ўпершыню ў скаладзе гурта Ru.St.”.

Для большага разумення канцэпцыі Уладзімір Рудзік падрыхтаваў для слухачоў своеасаблівы даведнік па песнях новага альбома.

“У аснове песні — нямецкая прымаўка: “Цалавацца з бязвусым мужчынам ўсё роўна, што есці суп без солі”, — гаворыцца ў даведніку пра песню, якая дала назву альбому. — А тата Вова, як правіла, мужык у барадзе і з вусамі. Песня — развітальны пацалунак ад мяне. Перш за ўсё, унучкам Сашы, Жэні, Васілісе, дочкам Алісе і Юлі. Хай ён будзе не хутка”.

Да кожнага трэка Уладзімір Рудзік намаляваў асобныя ілюстрацыі, арыгіналы якіх разам з іншымі цікавымі падарункамі ад гурта былі выстаўленыя ў якасці падзякі за ўдзел у краўдфаўнынг-праекце па выданні альбома. Урачацца падарункі будуць падчас канцэртнай прэзентацыі “Супа с солью”, якая адбудзецца ў нядзелю 17 снежня ў мінскім TNT Rock Club.

Даведку па песнях альбома можна пачытаць тут.