Вы тут

Прэс-сакратарка МУС Чамаданава расказвала ў судзе пра свае маральныя пакуты

Вольга Чамаданава / mvd.gov.by

43-гадовага Дзмітрыя Ушацкага асудзілі на два гады "хатняй хіміі" за абразу прэс-сакратаркі МУС Беларусі Вольгі Чамаданавай у адным з тэлеграм-чатаў. Яна прыйшла ў суд і тлумачыла, якія перанесла маральныя пакуты. Як паведамляе spring96.org, крымінальную справу разглядаў суд Цэнтральнага раёна Мінска. Суддзя Таццяна Акавітая агучыла прысуд 26 студзеня.

Чамаданава ацаніла свае пакуты на суму 5000 рублёў (і суд падтрымаў). Сам каментар у судзе не агучылі. Вядома, што ён быў "у непрыстойнай грубай нецэнзурнай форме пра пасаду і зоркі". Па словах прэс-сакратаркі МУС, "пэўныя супакаяльныя прэпараты" ёй давялося прымаць. У якасці сведкі ў судзе дапытвалі афіцыйную прадстаўніцу ГУУС Мінгарвыканкама Наталлю Ганусевіч.

У судзе было заяўлена, што мужчына змясціў каментар з мэтай "адпомсціць за яе [Чамаданавай] афіцыйны каментар пра ўмовы ўтрымання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна". А паводле абвінавачвання, ён "прыніжае гонар і годнасць... прычыняе ёй маральныя пакуты, падрывае яе аўтарытэт, асабістыя і прафесійныя якасці, а таксама аўтарытэт органаў унутраных справаў у цэлым".

На судзе Дзмітрый Ушацкі прызнаў віну цалкам, раскаяўся і папрасіў прабачэння ў Вольгі Чамаданавай. Ён, дарэчы, сказаў, што напісаў каментар у адказ на каментар Чамаданавай з нагоды затрымання Сяргея Ціханоўскага, бо яе словы ў яго выклікалі "незадаволенасць і абурэнне". Таму яго ўчынак не быў здзейснены "па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці" (і пракурор з гэтым пагадзіўся).

"Паспрабую выплаціць хутчэй матэрыяльную шкоду, каб, як гаворыцца, перавярнуць гэтую старонку", — сказаў асуджаны на "хімію".

Чамаданава расказала пра свае пакуты / spring96.org

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.