Праваабаронцы: У Беларусі выканалі чарговы смяротны прысуд

Праваабаронцы: У Беларусі выканалі чарговы смяротны прысуд

У Беларусі выканалі чарговы смяротны прысуд. Паводле звестак праваабаронцаў, быў расстраляны жыхар Лідскага раёна 29-гадовы Іван Кулеш, асуджаны ў лістападзе 2015-га за забойства трох жанчын, крадзеж і разбой.

Як паведаміў БелаПАН каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда, аб прывядзенні прысуду ў выкананне яму стала вядома ад сваякоў асуджанага да вышэйшай меры. Мяркуецца, што адбылося гэта яшчэ 5 лістапада (дакладная дата стане вядомая пасля атрымання сваякамі пасведчання аб смерці). Сам Кулеш не спрабаваў абскардзіць прысуд у Вярхоўным суддзе, скаргу падаваў яго адвакат.

Гэта ўжо другі смяротны прысуд у Беларусі, прыведзены ў выкананне ў бягучым годзе. У канцы вясны 2016-га стала вядома пра пакаранне смерцю жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова, які быў прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве дзяўчыны.

Беларусь — адзіная еўрапейская краіна, дзе прымяняюць смяротнае пакаранне. Праваабаронцы сцвярджаюць, што за апошнія 20 гадоў у нашай краіне расстралялі больш за 400 чалавек. Аляксандр Лукашэнка памілаваў толькі аднаго з асуджаных да смяротнага пакарання.

На сённяшні дзень у Беларусі чакаюць выканання смяротных прысудаў Генадзь Якавіцкі (прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве сужыцелькі), Сяргей Хмялеўскі (прызнаны вінаватым у забойстве трох суседзяў) і Сяргей Вострыкаў (прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве дзвюх жанчын, згвалтаванні і выкраданні).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі