“Права замовіць машыну мае толькі міністр і яго намеснік”

“Паменшыць колькасць аўтамабіляў, якія абслугоўваюць цэнтральныя органы выканаўчай улады і мясцовыя дзяржаўныя адміністрацыі… Аўтатранспарт будзе рэалізаваны на працягу месяца на адкрытых таргах пад грамадскім кантролем у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам”, — гаворыцца ў пастанове Кабінета міністраў Украіны.

Усяго суседзі выставілі на продаж каля 1500 чыноўніцкіх машын, органы выканаўчай улады пазбавіліся ад 34% аўтапарка. Грошы пойдуць у дзяржаўны бюджэт. І хоць ня выключана, што сродкі выкарыстаюць на набыццё машын для новых міністраў і іх замаў, акцыя урада Арсеня Яцэнюка прыцягвае увагу.

Еўрарадыё вырашыла пацікавіцца, які аўтапарк у беларускіх міністэрствах і на чым ездзяць нашы віп-чыноўнікі. У першым жа міністэрстве (а ім аказалася Міністэрства прамысловасці) здзіўляюць: сваіх машын тут увогуле няма. Прэс-сакратар Сяргей Шалай расказвае, што калі трэба, аўтамабілі замаўляюць з агульнага гаража.

“Я хачу сказаць, што ў нас у міністэрстве няма аўтамабіляў. Мінпрамысловасці не мае свайго парка. Па неабходнасці мы замаўляем машыны з гаража, як вам сказаць, урада. На пэўны час бярэм машыну для міністра, выкарыстоўваем у службовых мэтах. Альбо для асобы, якая выконвае свае абавязкі”.

Слаба паверыўшы словам чыноўніка іду раніцай да некалькіх міністэрстваў праверыць, ці сапраўды там паркоўкі занятыя прыватнымі, а не службовымі машынамі. Ля Міністэрства сельскай гаспадаркі бачу адну самотную Toyota Camry з “урадавымі” нумарамі серыі “МІ”, ля Міністэрства адукацыі машын увогуле няма, а ля Мінаховыздароў’я дзве сціплыя чорныя Toyota Avensis, таксама з “мімімішнымі” дзяржзнакамі. Крутыя чорныя купэ і пазадарожнікі бачу толькі ля Мінспорта. Але, падышоўшы бліжэй, заўважаю расійскія сцяжкі на нумарах — госці з усходу прыехалі ў казіно “Шангры-Ла”.

Прэс-сакратар Міністэрства культуры расказвае, што аўто для міністра таксама замаўляюць у спецгаражы, сваіх машын няма. І ўвогуле, толькі кіраўніцтва Міністэрства можа разлічваць на такую раскошу.

“У нас так атрымоўваецца, міністр можа разлічваць на сваю машыну, якая замаўляецца з гаража. Таксама машыну для сябе можа замовіць першы намеснік міністра. І яшчэ на дваіх намеснікаў міністраў ёсць машына. Яны адну дзеляць на дваіх”.

Структура, якая падпарадкоўваецца “Упраўленню справаў прэзідэнта” і займаецца транспартнымі паслугамі, мае назву “Белтрансспецаўта”. Яна размяшчаецца на вуліцы Карла Лібкнехта ў Мінску, замовіць там аўтобус і легкавы аўтамабіль амаль любога класа можа любы жадаючы — у прайс-лісце больш за 80 легкавікоў і каля 20 розных аўтобусаў. Гадзіна арэнды такой любімай беларускімі міністрамі Toyota Camry каштуе 127 тысяч. Столькі ж трэба аддаць і за BMW Х 5. А вось легендарны савецкі лімузін Зіл 41047 каштуе ажно 150 тысяч рублёў за гадзіну. Калі і гэтага мала, можна замовіць “прэзідэнцкі” Mercedes S 500 L за 205 тысяч у гадзіну. Гэта даражэй за любы аўтобус.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі