Вы тут

Прастытуцыя ў Беларусі: легалізаваць ці караць кліента?

У Францыі будуць караць кліентаў сэкс-паслуг, а не тых, хто зарабляе сваім целам. Паводле новага закона, за першы раз выпішуць штраф у 1500 еўра, за кожны наступны — 3750 еўра. Пры гэтым з саміх працаўнікоў сэкс-сферы адказнасць здымаецца.

Шведская мадэль

Упершыню аналагічныя меры былі ўведзеныя ў Швецыі, пасля ў Нарвегіі і Ісландыі. Шведскія паліцэйскія запэўніваюць, што гэта значна дапамагло зменшыць маштабы вулічнай прастытуцыі і спыніла распаўсюд гандлю людзьмі.

Швецыя першая пачала караць кліентаў, якія карыстаюцца сэкс-паслугамі, а не працаўнікоў гэтай сферы. Фота: AFP

Па словах дацэнта Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталлі Ходаравай, адным са станоўчых момантаў шведскай мадэлі з’яўляецца яе асветніцкі характар. Ён змяншае дыскрымінацыю жанчын у грамадстве, спрыяе гендарнай роўнасці.

А вось на думку старшыні міжнароднага грамадскага аб’яднання “Гендарныя перспектывы” Ірыны Альхоўкі, такая мадэль не ўлічвае меркавання саміх сэкс-працаўнікоў, для пэўнай часткі якіх прадаваць свае паслугі — свядомы выбар. Акрамя гэтага, крыміналізацыя кліента ўскосна крыміналізуе і прастытутак. А гэта не пакідае ім доступу да сэрвісаў па абароне свайго здароўя, да прыкладу, па абароне ад ВІЧ ці інфекцый, што перадаюцца палавым шляхам.

“Калі гэта форма занятасці, тады ў такіх людзей мусіць быць магчымасць сябе абараніць. Калі гэты бізнес крыміналізаваны, такой магчымасці няма. Кліенты, якія баяцца пакаранняў, прапаноўваюць прымаць такіх жанчын у сябе дома, дзе ёсць большая рызыка быць згвалтаванай, чым у спецыяльна адведзеных для гэтага месцах і ўстановах. Вось гэта таксама небяспека, пра якую неабходна памятаць”, — кажа Ірына Альхоўка.

Аўстралійская ці нідэрландская мадэль

Існуе і іншы падыход — легалізацыя прастытуцыі. З рознымі асаблівасцямі яе ўвялі ў Германіі, Швейцарыі, Грэцыі, Турцыі, Нідэрландах, Аўстраліі і Новай Зеландыі.

Вуліца чырвоных ліхтароў. Амстэрдам. Фота: fernandomoledero.com

У Нідэрландах людзі, якія зарабляюць на жыццё сваім целам, атрымалі роўныя правы з астатнімі працоўнымі і трапілі пад абарону дзяржавы — яны плацяць падаткі, а наўзамен атрымліваюць права на медыцынскую страхоўку, пенсію і адпускныя. Паводле звестак ВВС, у 2011 годзе бюджэт Нідэрландаў атрымаў 625 мільёнаў еўра ад сэкс-бізнесу.

Аднак у 2007 годзе мэр Амстэрдама Ёб Кохен прызнаваў, што легалізацыя была памылкай: “У цэнтры горада прадаецца занадта шмат сэксуальных паслуг, што прыцягвае крымінал, у прыватнасці, гандаль людзьмі і сэксуальную эксплуатацыю”.

“Гэты досвед вучыць нас таму, што бізнес пашыраецца, а крымінальны элемент не змяншаецца, — кажа Наталля Ходарава. — У краіны, дзе прастытуцыя легалізаваная, прывозяць шмат жанчын. Застаецца дзіцячая прастытуцыя. На жаль, гэтая мадэль таксама не даказала сваю эфектыўнасць”.

У Беларусі

У Беларусі прастытуцыя забароненая. Працаўнікі гэтай сферы караюцца штрафам да 4 мільёнаў 200 тысяч (ад 6 да 20 базавых) ці адміністратыўным арыштам. Пры паўторным затрыманні цягам года штраф можа дасягнуць 10,5 мільёнаў (50 базавых). Акрамя гэтага, калі віна ў заняцці прастытуцыяй даказваецца, гэтая інфармацыя накіроўваецца на працу і ў школу, дзе навучаюцца дзеці вінаватага. Існуе магчымасць пазбаўлення бацькоўскіх правоў.

Фота: theguardian.com/Alamy

Праграмны менеджар праекта па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі сярод жанчын, уцягнутых у сэкс-бізнес, Алена Смірнова кажа, што сёння ў Беларусі каля 22 тысяч жанчын, якія аказваюць інтымныя паслугі за грошы.

“Іх сярэдні ўзрост складае 20-34 гады. Амаль 54% з іх маюць дзяцей. Амаль 42% маюць інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам, 4% — ВІЧ”.

На яе думку, шлях, якім мусіць пайсці Беларусь, — адмова ад крыміналізацыі сэкс-працаўніка, але ніводная мадэль (шведская ці нідэрландская) у чыстым выглядзе нам не пасуе. Першым крокам мусіць стаць барацьба з дыскрымінацыяй і перадузятасцю ў дачыненні да супрацоўнікаў сэкс-сферы, да ВІЧ-інфікаваных.

Ірына Альхоўка мяркуе, што сёння легалізацыя не патрэбная ні самім сэкс-працаўнікам, ні насельніцтву. Не дапаможа і крыміналізацыя кліента, бо жанчыны стануць ад іх яшчэ больш залежнымі.

Паводле дадзеных МУС, летась працаўнікоў сэкс-бізнесу ў Беларусі затрымлівалі 1625 разоў, што на 18% больш, чым у 2014 годзе. У адным Мінску такіх затрыманняў было 695.