Прапаршчыка, які ўчыніў страляніну ў арсенале, асудзілі на 7 гадоў

Жаданне пастраляць узнікла ў вайскоўца праз крыўду, нагадвае "Брестская газета". За распіццё спіртных напояў на службе яго адчыталі перад калегамі і адправілі дадому "адсыпацца", не дазволіўшы ехаць на палігон. 

Пакрыўджаны малады чалавек назапасіў алкаголю, забарыкадаваўся на складзе. Прыхапіўшы з сабой зараджаны аўтамат Калашнікава, ён стаў вызвоньваць камандзіра. Спробы выклікаць начальства на слоўную дуэль скончыліся пагрозамі. Спачатку ён пагражаў застрэліцца, затым падарваць склад, а ўрэшце зладзіў страляніну па браме часці. 

На працягу некалькіх гадзін калегі спрабавалі суцішыць звар'яцелага прапаршчыка. Зрабіць гэта ўдалося толькі пасля таго, як мужчыну перадалі папіць вады, у якую дадалі снатворнае. 

На прапаршчыка пачалі крымінальную справу за крадзеж агнястрэльнай зброі, незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, а таксама за асабліва злоснае хуліганства. 

Суд прызначыў яму сем гадоў пазбаўлення волі без канфіскацыі маёмасці. У сувязі з сёлетняй амністыяй тэрмін пакарання скараціўся на адзін год. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі