Прапанова па будаўніцтве АЭС у Беларусі загубілася па дарозе ў Расію

Яшчэ 26 траўня Беларусь накіравала прапановы па будаўніцтве АЭС тром краінам — Расіі, Францыі і ЗША. Найбольш верагодны будаўнік АЭС у Беларусі “Атамбудэкспарт” прапановы дагэтуль не бачыў.
Пра гэта Еўрарадыё паведаміла загадчык прэс-службы расійскай кампаніі Ірына Есіпава: “Я толькі што ўдакладніла. Аказваецца мы дагэтуль не атрымалі запрашэння... Мы чулі, што быццам бы яно ёсць, але я вам афіцыйна заяўляю, што мы яго не атрымлівалі...”

Куды знікла запрашэнне ні ў Міністэрстве энергетыкі, ні ў офісе генеральнага праекціроўшчыка АЭС у Беларусі адказаць не змаглі. Намеснік дырэктара БелНІПІ “Энергапрам” Уладзімір Баброў пацвердзіў, што падрыхтавана яно было яшчэ ў траўні, а таксама зазначыў, што казаць пра тое, хто будзе будаваць беларускую АЭС пакуль рана.

Тым часам “Атамбудэкспарт” настойліва рэкамендуе Беларусі спыніць свой выбар на суседзях. Прэс-сакратар Ірына Есіпава кажа, што Расія – гэта адзіная краіна, якая за апошнія 10 год пабудавала рэальную АЭС за мяжой:

“Ні Францыя, ні Амерыка, ні Японія атамных станцый за межамі сваіх краінаў не будавалі. Францыя паказвае праект на паперы і кажа – вось паглядзіце якая ў нас прыгожая станцыя, зараз мы вам яе пабудуем.

Мы малюнкі не паказваем, мы паказваем дзеючую АЭС, якую мы пабудавалі. Здалі ў мінулым годзе — вось яна, станцыя, якая вырабляе электраэнергію, прыносіць прыбытак і паспяхова функцыянуе. За апошнія 10 год рэальна толькі Расія будавала АЭС за мяжой” (маецца на ўвазе АЭС, якую Расія пабудавала для Кітая ў мінулым годзе).

Хутчэй вызначыцца з будаўніком варта і таму, што кошты на атамную энергетыку па ўсім свеце няспынна працягваюць расці. Па словах Ірыны Есіпавай, яшчэ летась пабудаваць АЭС Балгарыі каштавала чатыры мільярды еўра:

“Летась “Атамбудэкспарт” заключыў дамову з Балгарыяй на пабудову 2-х энергаблокаў па 2 мільярды еўра за 1 блок ВВЭР-1000. Але гэта было летась... Кошты на абсталяванне ўвесь час растуць, на сталь, на сыравіну, транспарціроўку... Па амерыканскіх экспертных ацэнках кошт АЭС будзе працягваць расці”.

Нагадаем, што менавіта такую электрастанцыю і плануюць пабудаваць у Беларусі — два вадавадзяныя рэактары, па 1000 МВт кожны. Цікава, што беларускі бок дагэтуль спадзяецца выдаткаваць на ўвесь праект чатыры мільярды долараў, у 1,5 разу танней, чым гэта абышлося Балгарыі.

Якім чынам мы збіраемся здабыць сабе такую істотную зніжку застаецца загадкай. Пры тым, што “атамная інфляцыя” набірае тэмп, а запрашэнне на будаўніцтва станцыі ў суседнюю краіну ідзе ўжо трэці тыдзень.

Намеснік начальніка аддзела знешняй эканамічнай дзейнасці Навукова-даследчага інстытута ў Ніжнім Ноўгарадзе (які канструюе ўсе расійскія АЭС) кажа, што сабекошт АЭС для Беларусі ужо пачаў павышацца.

Аляксандр Загляднаў: “Чым даўжэй вы будуеце, тым на больш доўгі час замарожваюцца сродкі, якія накіроўваюцца на будаўніцтва. Яны не даюць аддачы, і натуральна, што сабекошт электраэнергіі, вырабленай на гэтым блоку, будзе даражэйшым. Як мага хутчэй трэба пабудаваць энергаблок – гэта асноўная ваша задача”.

Тэндэр на будаўніцтва АЭС дагэтуль не аб’яўлены. А кошты працягваюць расці... Гэта пры тым, што ў падліках не ўлічваюцца дадатковыя выдаткі на будаўніцтва горада-спадарожніка для персаналу атамнай электрастанцыі, а таксама замена ўсіх электрасетак краіны.

Калі не адаптаваць электрасеткі Беларусі пад два рэактары магутнасцю 1000 МВт, наступствы могуць быць катастрафічныя — гэта пажары і блэкаўт, падобны таму, што адбыўся ў Амерыцы ў 2003 годзе, калі без электрычнасці амаль суткі заставаліся 50 мільёнаў чалавек, а дзясяткі чалавек загінулі. Пра такую верагоднасць Еўрарадыё паведамілі ў кампаніі “Сілавыя машыны”, вядучым расійскім вытворцы абсталявання для цеплавых і атамных электрастанцыяў.

Калі раней праблему з электрасеткамі не агучвалі ўвогуле, то сёння намеснік дырэктара БелНІПІ “Энергапрам” Уладзімір Баброў пра яе наяўнасць узгадвае, але кажа што забяспечыць працу рэактара ў 1000 МВт у нашай энергасістэме магчыма – трэба пабудаваць дадатковыя лініі электраперадач:

“Гэтае пытанне будзе больш дэталёва распрацоўвацца на стадыі абгрунтавання інвестыцый, але Акадэмія навук ужо пралічвала разам з Белэнергасеткапраектам магчымасць інтэграцыі АЭС у нашу энергасістэму. І ў прынцыпе такая магчымасць забеспячэння працы рэактара ў 1000 МВт у нашай энергасістэме існуе.

У кожным разе падстанцыі будуць будавацца абавязкова, дадатковыя лініі перадач таксама будуць будавацца”.

Напэўна, галоўным аргументам “за” будаўніцтва АЭС можа стаць зніжэнне тарыфаў на электраэнергію для насельніцтва. Па словах намесніка дырэктара БелНІПІ “Энергапрам” Уладзіміра Баброва, тарыфы знізяцца на 10-15%. Але адбудзецца гэта не раней за 2020 год. Пры штогадовай інфляцыі ў 10% мы дакладна гэтага не адчуем.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі