Пракуратура не ўгледзела памылак у пратаколе на незалежнага журналіста

Нагадаем, што незалежнага журналіста Алеся Леўчука прызналі вінаватым у супрацоўніцтве з тэлеканалам "Белсат" (Польшча) і аштрафавалі на 6 млн. рублёў. Такое рашэнне 24 снежня 2014 году прыняў суд Ленінскага раёна Брэста.

Падставай для абвінавачання сталі паказанне сведкі. Ён прызнаў, што 24 лістапада Ляўчук узяў у яго інтэрв'ю падчас запісу апытання. Запіс пазней з'явіўся на сайце тэлеканала "Белсат".

Ляўчук адмовіўся падчас паседжання што-небудзь тлумачыць. З яго словаў, пратакол складзеныя з грубымі парушэннямі і суддзя проста не мае права яго разглядаць. Аднак суддзя Ларыса Назарэнка не ўгледзела ў пратаколе падставаў для дапрацоўкі.

У пратаколе адсутнічаюць тлумачэнні журналіста. Ляўчук нібыта адмовіўся іх даваць, хоць на самой справе ён адмовіўся з'яўляцца без позвы ў міліцыю.

“Патэлефанаваў супрацоўнік міліцыі і сказаў, што на мяне складзены пратакол і я павінен прыйсці, каб даць тлумачэнні. Я сказаў: няма праблем — я прыйду, але прышліце мне позву. Позва так і не прыйшла, а пратакол ў выніку атрымалі мае бацькі. Там было сказана, што я адмовіўся знаёміцца з пратаколам. Там было яшчэ шмат парушэнняў. Напрыклад, выпраўленая дата”.

Дату складання пратакола змянілі, бо міліцыянты не ўкладваліся ў тэрміны і хацелі хутчэй закрыць справу, мяркуе Ляўчук. Яшчэ да суда на супрацоўніка Ленінскага РАУС, які складаў пратакол, журналіст напісаў скаргу ў гарадскую пракуратуру. Ён патрабаваў, каб пратакол прызналі не маючым юрыдычнай сілы, а ў дачыненні міліцыянта правялі службовую праверку. Аднак у пракуратуры, як і ў судзе, памылак не ўбачылі. З адказу фактычна вынікае, што пракуратура не бачыць падставаў не давяраць рашэнню суддзі.

"Была адпіска такая, што суд прызнаў мяне вінаватым, і калі я з нечым не згодны, то магу звярнуцца ў абласны суд (дарэчы, я гэта ўжо зрабіў). Але чаму не наказаны супрацоўнік міліцыі, які парушыў закон? Прабачце, але судзіце мяне па слушным пратаколе і пакарайце міліцыянта, які нават не можа скласці гэты пратакол. Што гэта за непрафесіяналізм такі?"

Алесь Ляўчук не спадзяецца на станоўчы для сябе вынік звароту ў Брэсцкі абласны суд. Ён упэўнены, што рашэнне папярэдняй інстанцыі пакінуць без зменаў. Тым не менш, журналіст збіраецца далей абскарджваць пастанову, з якой не згодны, і нават калі прыйдзецца, звернецца ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Дарэчы, адміністрацыйная справа Ляўчука стала апошняй у мінулым годзе па артыкуле 22.9. Усяго летась за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі былі прыцягнутыя да адказнасці 14 журналістаў-фрылансераў. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, агульная сума штрафаў склала больш за 90 млн. рублёў.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі