Праграміста затрымалі пасля вяртання ў Беларусь і судзяць па 10 артыкулах
![Максім Мнацаканаў](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-09/mnacakanau-2109.jpg.webp?itok=L3T8xJtj)
Максім Мнацаканаў / фота з старонкі Мнацаканава на bigbookname.com
У Мінскім гарадскім судзе 20 верасня пачаўся працэс над праграмістам Максімам Мнацаканавым, пішуць праваабаронцы "Вясны". Судовы працэс вядзе Дзіна Кучук.
Яго вінавацяць адразу паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Сярод іх — абраза прадстаўніка ўлады, абраза суддзі, удзел у экстрэмісцкім фармаванні, дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ды інш.
Па звестках праваабаронцаў, у віну Мнацаканаву ставяць 5-10 каментароў, якія ён пісаў цягам 2020-21 гадоў, калі быў ва Украіне. Сярод іх былі каментары на адрас суддзі Аляксандра Воўка, вядомага прысудамі па палітычных справах.
Праграміста затрымалі ў снежні 2022-га, калі ён вярнуўся ў Беларусь. Байцы ГУБАЗіКа пагражалі ўзламаць кватэру, калі Мнацаканаў не адчыніць ім дзверы.
Пасля затрымання яго ўнеслі ў "тэрарыстычны спіс". Паведамляецца, што ён павінен выплочваць крэдыт за кватэру, мае 10-гадовага сына.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.