Прафесійна-псіхалагічнае сумоўе ў БДУ 5 красавіка не прайшлі 5 абітурыентаў

Прафесійна-псіхалагічнае сумоўе ў БДУ 5 красавіка не прайшлі пяць абітурыентаў, а 103 чалавекі не з'явіліся. Пра гэта паведамілі ў прыёмнай камісіі ВНУ. Усяго на гэты дзень было зарэгістравана 1256 юнакоў і дзяўчат. Сярод абітурыентаў, якія не прайшлі выпрабаванне, трое не адказалі на пытанні камісіі па спецыяльнасці "правазнаўства", адзін - на "міжнародных адносінах" і яшчэ адзін - на "журналістыцы". Тры дні вызначаныя ў БДУ для правядзення выпрабавання - 5, 12 і 19 красавіка. Акрамя таго, для тых, хто з паважных прычынаў не зможа прыйсці ў прызначаны дзень, вызначаны рэзервовы - 30 красавіка.

У галоўнай альма-матэр краіны сфармавана 33 камісіі, у склад якіх увайшлі выкладчыкі ВНУ, кіраўнікі прадпрыемстваў, псіхолагі і сацыяльныя педагогі. Больш за 50% абітурыентаў запісаліся на праходжанне сумоўя па правазнаўчых спецыяльнасцях у гэтай ВНУ. На "міжнародныя адносіны" і "журналістыку" наплыў крыху меншы. Сумоўе праходзіла па агульнай чарзе, на гутарку з кожным з абітурыентаў вылучалася 10-15 хвілін. Усяго запісаліся на гутарку ў гэтую ВНУ больш за 3500 будучых мытнікаў, журналістаў, дыпламатаў і юрыстаў, паведамляе БЕЛТА.