Вы тут

Прафесар-інфекцыяніст: на COVID-19 ужо маглі перахварэць 10% беларусаў

Прафесар Сяргей Жаваронак / bel.24health.by​

— Думаю, што ў Беларусі на каранавірус перахварэлі ўжо да 10% насельніцтва, — распавядае ў інтэрв’ю дзяржаўнай газеце “Беларусь сегодня” прафесар Сяргей Жаваронак з кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ. – Гэтага вельмі няшмат: каб спыніць эпідэмію, трэба дасягнуць лічбы ў 80% ці вырабіць імунітэт з дапамогай вакцыны.

Па афіцыйных звестках, у Беларусі праведзена больш за 2,2 мільёна тэстаў, выяўлена 88,2 тысячы выпадкаў каранвірусу. У статыстыку Мінздароўя трапляюць толькі падцверджаныя выпадкі. Калі прафесар мае рацыю, хваробу ў Беларусі ўжо перанеслі каля 900 тысяч чалавек, але тэсты выявілі толькі кожнага дзясятага з іх.

Медык адзначыў, што ў халоднае ды вільготнае надвор’е вірус лепш захоўваецца, таму колькасць хворых расце хутчэй, чым летам. Трэба вельмі пільна сачыць за бяспекай: трымаць дыстанцыю, выкарыстоўваць маскі:

—  Некаторыя чамусьці лічаць, што хваробы ў нас няма, яна недзе там, далёка. Гэта глыбачайшая памылка можа прывесці да сур’ёзных наступстваў.

Па словах Жаваронка, пасля хваробы заўсёды з'яўляюцца антыцелы.

— Захоўваюцца яны доўга. Я лічу — мінімум пяць год, — сцвярджае прафесар. І дадае, што паўторна захварэць на каранавірус “амаль немагчыма”. Гэтыя здагадкі супярэчаць досведу замежных навукоўцаў. Каралеўскі каледж Лондана, напрыклад, прыйшоў да высновы, што колькасць антыцелаў да каранавірусу хутка зніжаецца. Да гэтай жа высновы прыходзілі навукоўцы Нямеччыны, Японіі ды іншых дзяржаў. У часткі тых, хто перанес хавробу, антыцелы праз нейкі час увогуле знікаюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.