Праект на ўсталёўку “талеркі”? Намалюем вам чатыры дзіркі на сцяне

“Вы, канечне, можаце і за дзень усё зрабіць, але, можа, вы будзеце год шукаць фірму-ўсталёўшчыка ці дакументы несці”, — з ходу радуюць мяне ў ЖРЭА Савецкага раёна.
 
Сюды я тэлефаную па тлумачэнні, як паводле зацверджаных Саўмінам правілаў усталяваць “талерку”. 
 
Каб афіцыйна паставіць спадарожнікавую антэну, трэба сабраць такія дакументы: копіі тэхпашпарту ды рэгістрацыйнага пасведчання, план-схему размяшчэння "талеркі", пісьмовую згоду ўсіх членаў сям’і — і аднесці на ўзгадненне ў ЖЭС, а таксама падаць праект усталёўкі антэны.
 
У ЖРЭА Савецкага раёна нечакана кажуць, што ад пастановы Саўміна… нічога не змянілася:
 
“Раней гэта быў агульны дакумент, а зараз пастанова вынесена ў асобны дакумент”.
 
Майму жаданню ўсталяваць "талерку" афіцыйна і ў ЖРЭА Партызанскага раёна, і ў ЖРЭА Савецкага раёна, шчыра сказаць, здзіўляюцца. 
 
“Вельмі рэдка ўсталёўваюць афіцыйна "талеркі". Пакуль “ніхто не прыедзе” і нам не дадуць дырэктыву “зверху”, мы іх ("талеркі". — заўв. Еўрарадыё) таксама “не бачым”. Пачынаем дэмантаваць, “калі аб’езд”. Ці калі ЖЭСу, да прыкладу, “талерка” перашкаджае праводзіць працы на даху, тады дэмантуюць”, — расказваюць мне пра гуманныя адносіны да мінчукоў у ЖРЭА Савецкага раёна. 
 
“Я вам так скажу: 95% усіх усталяваных у Мінску "талерак" — усталяваныя незаконна. Але іх проста не чапаюць. Большасць фірмаў усталюе "талерку" неафіцыйна, бо вазіцца з гэтымі дакументамі навошта? А праект на ўсталёўку антэны — гэта дурасць, бо хто возьмецца яго рабіць, каб зрабіць чатыры дзіркі на сцяне?” — пытаецца прыватны ўсталёўшчык "талерак", які папрасіў не называць яго імя. 
 
Дарэчы, падказаць, дзе можна зрабіць праект на ўсталёўку "талеркі", ні ў ЖЭСах, ні ў ЖРЭА, ні ў “Мінскпраекце” ды шэрагу датычных да распрацоўкі праектаў прыватных устаноў не могуць. 
 
“Мы працуем звычайна з больш вялікімі аб’ектамі. Мо калі дамовіцца прыватным чынам з праектыроўшчыкам, каб ён зрабіў гэты праект. Але калі вам патрэбна будзе пячатка на гэтым праекце, дык тады складаней. Я так разумею, гэта будзе два лісткі — ваша сцяна з чатырма дзіркамі і нейкія прыкідкі”, — кажуць у прыватнай фірме па распрацоўцы праектаў “Дом-офіс-2000”, але назваць кошт такога праекта не могуць — вельмі дробны аб’ект.
 
Прыватныя ўсталёўшчыкі “талерак” заўважаюць, што распрацоўка праекта мала таго, што зацягне ўсталяванне спадарожнікавай антэны на месяц мінімум, пакуль будуць разглядацца дакументы, але і зробіць усталёўку даражэйшай.
 
“Самая лепшая антэна "пад ключ" будзе каштаваць 300 долараў, распрацаваць праект — гэта нятанна, таму мо ўдвая-утрая будзе даражэй”, — кажуць на фірмах, што ўсталёўваюць антэны. 
 
На ўсялякі выпадак у ЖРЭА Савецкага раёна нагадваюць мне і пра адказнасць:
 
“Мала таго, што вы дэмантуеце, дык яшчэ і штраф заплаціце — ад 10 да 30 базавых велічынь. Звычайна давалі штраф па мінімуме — мільён”.
 
Што зараз рабіць з ўжо існуючымі "талеркамі", у ЖРЭА не ведаюць:
 
“У пастанове нічога не сказана, мы зрабілі запыт у міністэрства", — кажуць у адміністрацыі Завадскога раёна сталіцы, куды за некалькі дзён патэлефанавалі сотні мінчан з такім жа пытаннем.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі