Прадпрымальніца і стыліст ацанілі абутак на выставе для іпэшнікаў

На выставеExposhoes” беларускі абутак губляецца сярод абутку кітайскага, расійскага, польскага, італьянскага, турэцкага і нават украінскага. Вось павільён беларускага абутку ТОПО, які шыюць у… Кітаі ды Расіі.

“Абутак распрацоўваецца беларускім мадэльерам-тэхнолагам. Але шыецца ў Польшчы, Расіі ці Кітаі. Самі разумееце, чаму: у нас нявыгадна шыць абутак, бо дорага”, — загадкава кажа мне кансультант. Кажа, што выставай задаволеныя: прадпрымальнікі так і пруць па кантракты. У павільёне мужчынскі і жаночы абутак, на этыкетцы сапраўды напісана, што туфлі зробленыя ў Кітаі. Цана, да прыкладу, класічных лодачак  — 50 долараў. Гэта закупка.

“Вельмі ўдалая мадэль, распрацаваная нашым беларускім мадэльерам-тэхнолагам”, — паказвае кансультант туфлі з паліцы. Астатнія мадэлі беларускага тэхнолага кансультант Ілля чамусьці рэкламаваць адмаўляецца — камерцыйная таямніца, не менш!

Беларускі, расійскі, польскі ці кітайскі абутак, заблытваемся мы разам з нашым экспертам — беларускім стылістам-блогерам Наталляй Лапінай. Дзяўчына заўважае, што ў беларускіх вытворцаў абутку дзве глабальныя праблемы: колер, ці, хутчэй, яго адсутнасць, і спроба “ўпіхнуць неўпіхуемае” ў адну пару абутку і сэканоміць.

“У нас лічыцца, што чорны колер абутку пасуе пад усё. Хоць гэта вельмі складаны колер, пасуе не ўсім! Зімой чорны, летам — белы. Кропка”, — кажа Наталля.

Жыццярадаснага абутку не хапае беларускай вытворчасці

Па словах дзяўчыны, любы вытворца абутку працуе па адным прынцыпе: ёсць базавыя мадэлі абутку і ўльтрамодныя.

“У нашай краіне з улікам крызісу прасцей апранаць людзей у базавыя рэчы. Ультрамодны — гэта абутак з акцэнтам, з характарам, такі служыць дапаўненнем да агульнага вобраза. І часцей за ўсё нашыя вытворцы робяць менавіта такі абутак, — прызнаецца Наталя і дадае, што купляць такі абутак — транжырства. — Бо можа стацца так, што гэтыя туфлі пад гэты касцюм зусім не падыдуць і трэба яшчэ адны туфлі”.

А вось такі абутак рабіць нельга

Стыліст падкрэслівае, што беларускія вытворцы абутку часцей за ўсё спрабуюць гэтыя два кірункі аб’яднаць у адно: упрыгожыць базавую мадэль дадатковымі стразікамі, банцікамі, чаго ў прынцыпе рабіць нельга.

“Гэта праблема і пакупнікоў, і вытворцаў. Бо не прынята інвеставаць у просты абутак. У нас хочуць звычайную мадэль зрабіць і зручнай, і ўпрыгожыць”.

Наталля звяртае ўвагу на тое, што кітайскі абутак прадстаўлены ў розных колерах і амаль не без упрыгожанняў: якраз тое, што трэба! Ёсць абутак на моднай цяпер тоўстай падэшве. Знайсці такія ж туфлі беларускай вытворчасці — праблема.

“Вось быццам балеткі звычайныя. Кітай жа робіць. Але гэта абутак, які патрэбны!”

Стыліст падкрэслівае: удалыя мадэлі бываюць і ў беларускіх вытворцаў: “Марка”, “Белвест” іншым разам трапляюць у трэнд. Але нячаста.

“Ёсць беларуская фірма, прыватная, здаецца, недзе ў гандлёвым цэнтры “Замак”. Да іх людзі ідуць па просты абутак, па тое, чаго не хапае, і плацяць па 250 долараў за такі абутак. Кітайцы могуць пашыць такія туфлі, а мы — не?” — пытаецца Наталля.

Прыгожа, але дорага: погляд прадпрымальніцы

З яшчэ большай прыдзірлівасцю прыглядалася да мадэляў беларуская прадпрымальніца Вера.

Чапляюся да яе. Вера гандлюе жаночым абуткам на рынку ў Баранавічах. Раней у яе была кропка з польскім абуткам, прывозіла абутак ажно з Варшавы. Цяпер шукае тут, бо трэба пачынаць працу з сертыфікатамі.

Вера арыентуецца на летні абутак. Вось толькі ўчора яна вярнулася з аналагічнай польскай выставы. Кажа, што па цэнах там тое самае і нават даражэйшае на 20 долараў, але нешта для продажу знайшла.

“Разумееце, гэта маё, быццам роднае, да сэрца, бо я гандлявала ўвесь час польскім. Да польскага душа больш ляжыць”, — прызнаецца Вера. Разам з ёй мы прыходзім у палатку, дзе прапаноўваюць оптам польскі абутак. Туфлі-лодачкі ад 35 долараў. Сандалеты з Турцыі — 10 долараў, пастаўшчык мае ўсе сертыфікаты.

“Хіба гэта скура? — пераправярае Вера абутак у наступнай палатцы. — Я такім у мінулым сезоне гандлявала, дык ён выглядае як не са скуры. А закупка дарагая, плюс накрутка — ніхто не купіць”, — прадпрымальніца адкідае пару надта крыклівых на выгляд сандаляў убок.

Вера — жанчына рашучая і дзелавая, адразу бачна, што жаваць соплі не будзе, ні грама беларускай далікатнасці — рэжа праўду па якасці туфляў як ёсць. Яе хвацкасць заўважная па тым, як прыдзірліва яна выбірае абутак, правярае мяккасць туфляў, моц, апрацоўку дэталяў. Па твары заўважаю, як ідзе бесперапынны працэс падліку — ці будзе выгадна браць гэтую мадэль, ці трапіць у трэнд.

Вось наступная палатка з абуткам. Ён збольшага цёмны — колеры сінія, чорныя ці карычневыя, арыентаваныя на пакупнікоў з вузкай нагой. Абутак прыехаў з Украіны.

“У Львове шыем, разтаможваем у Гродне. Закупка ад 38 долараў”.

Абутак звычайны, замшавы, выглядае акуратна, спадабаўся і мне, і Веры. Але зноў жа дорага — у Баранавічах заробкі не такія, як у Мінску, не кожны набудзе абутак, які ў закупцы каштуе 570 000 рублёў. На выхадзе можна накруціць мінімум.

“Ніхто не купіць”, — гучыць вердыкт Веры. Разам з ёй абыходзім усю выставу, Вера абураная: павільёнаў ўсяго нічога, а туфлі дарагія. Хто набудзе такія туфлі ў яе Баранавічах?

“Шчыра кажучы, фігня. Ой, прабачце-прабачце. А калі не фігня, дык дорага, прадаваць трэба па такіх жа цэнах, як і закупляцца. Нявыгадна”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі